Пётр Іва́навіч Кё́пен (, ; ) — расійскі навуковец нямецкага паходжання. Выдаваў працы па гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі, дэмаграфіі і статыстыцы. Член-карэспандэнт (1826), ад’юнкт па статыстыцы (1837), экстраардынарны акадэмік (1839), ардынарны акадэмік (1843) Пецярбургскай акадэміі навук. Правадзейны стацкі саветнік (1849).
Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і ўрача, немца з Каселя, доктара Магдэбургскага ўніверсітэта, які ў 1786 годзе быў запрошаны ў Расію імператрыцай Кацярынай II і атрымаў пасаду загадчыка бальніцы ў Харкаве і ўсіх медыцынскіх установы Харкаўскай губерні.
У 1814 годзе П. І. Кёпен скончыў Харкаўскі ўніверсітэт са ступенню магістра правазнаўства і пераехаў у Санкт-Пецярбург. З 1814 па 1819 год служыў у Паштовым дэпартаменце Міністэрства ўнутраных спраў, куды ўладкаваўся з пратэкцыі сваяка (мужа роднай цёткі), стацкага саветніка М. М. Яноўскага, на пасаду малодшага памочніка столаначальнікаў Другога Аддзялення. У 1819 годзе працаваў чыноўнікам для асобых даручэнняў пры Міністэрстве ўнутраных спраў, таксама быў сакратаром Камітэта па вучонай частцы Імператарскага чалавекалюбнага таварыства (1817—1821). З 1820-х гадоў быў членам Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці, а да 1830 года — Санкт-Пецярбургскага мінералагічнага таварыства.
Быў у замежным падарожжы з 1822 па 1824 год, пасля вяртання служыў чыноўнікам для асобых даручэнняў пры Дэпартаменце народнай асветы (1825—1826). У 1825 годзе Цюбінгенскі ўніверсітэт надаў П. І. Кёпену ступень доктара філасофіі, у наступным годзе Пецярбургская акадэмія навук абрала яго членам-карэспандэнтам.
У 1829—1834 гадах даследчык пражываў у Таўрычаскай губерні, займаўся зборам матэрыялаў аб геаграфіі і гісторыі Крыма. У выніку гэтых даследаванняў у 1836 годзе ў Санкт-Пецярбургу ім была апублікаваная ўдакладненая карта поўдня Крымскага паўвострава і падрабязнае апісанне да яе, якое да гэтага часу служыць важнай крыніцай пра гісторыю і тапанімію Крыма. Асаблівай заслугай П. І. Кёпена стала выяўленне былых імён гарадоў і населеных пунктаў. Напрыклад, толькі для горада Стары Крым ім было сабрана 22 найменні, ад сумнеўнай назвы старажытнай Карэі да Леўкопаля. Гэтыя матэрыялы ўвайшлі ў яго «Крымскі зборнік» (1837), які стаў складовай часткай вялікай этнаграфічнай працы.
Акрамя дзейнасці ў Акадэміі навук, кар’ера П. І. Кёпена была цесна звязана з сельскай гаспадаркай і статыстыкай. Ён працаваў памочнікам галоўнага інспектара па шаўкаводстве Міністэрства ўнутраных спраў (1827—1837), начальнікам аддзялення ў Міністэрстве дзяржаўных маёмасцяў (1838—1841), а з 1841 года стаў членам Вучонага камітэта гэтага міністэрства.
У 1845 годзе навуковец стаў адным з членаў-заснавальнікаў Рускага геаграфічнага таварыства, з таго ж года кіраваў аддзяленнем статыстыкі. Браў удзел у шматлікіх выданнях таварыства.
З 1852 года праз стан здароўя праводзіў большую частку часу (1852—1853, 1858—1859, 1860—1864) у Крыме ў сваім любімым маёнтку Карабаг (цяпер пасёлак Бандаранкава ля Алушты), дзе і нарадзіліся некаторыя з яго дзяцей. Там жа П. І. Кёпен памёр 23 мая (4 чэрвеня) 1864 года. У гонар навукоўца названа вуліца на тэрыторыі яго былога маёнтка.
Сям’я Бацька навукоўца, Іван Іванавіч Кёпен (1752—1808), быў адным з 24 замежных дактароў, выкліканых у Расію Кацярынай II у 1786 годзе. Ён працаваў загадчыкам медыцынскай часткі ў Харкаўскай губерні. Маці, Караліна Іванаўна, у дзявоцтве Шульц (1772—1851), паходзіла з Гамбурга.
У П. І. Кёпена было тры дачкі і чатыры сыны. Малодшая дачка памерла ў маленстве. Старэйшая дачка Аляксандра Пятроўна выйшла замуж за Васіля Фёдаравіча Келера, які пазней стаў дырэктарам Імператарскага Нікіцкага саду і Магарачскага вучылішча вінаробства. Іх унукамі ёсць вядомыя геолагі Барыс Максімавіч Келер і Міхаіл Міхайлавіч Масквін, а таксама спецыяліст у галіне тэхналогіі бетону Уладзімір Міхайлавіч Масквін. Другая дачка, Наталля Пятроўна Кёпен (1832—1904), стала вядомым фенолагам. Сыны — Фёдар, Мікалай, Аляксей і Уладзімір — таксама пакінулі свой след у гісторыі.
Навуковая дзейнасць
Этнаграфічная і статыстычная дзейнасць У 1827 годзе П. І. Кёпен пачаў маштабны збор статыстычных і моўных звестак у паўночна-заходніх губернях Расійскай імперыі. Яго мэтай было высвятленне прыблізнай колькасці і межаў рассялення балтаў (якіх ён называў «літоўскім племем»), а таксама іх этналінгвістычнае размежаванне з суседнімі беларусамі. Сутыкнуўшыся з праблемай этнічнай ідэнтыфікацыі, бо экзаэтнонімы «літва» або «літвіны» ўжываліся як да літоўцаў, так і да беларусаў, навуковец звярнуўся да наватарскага лінгвістычнага крытэрыю, які значна апярэдзіў свой час. Праз каталіцкіх і ўніяцкіх святароў ён сабраў канкрэтныя «ўзоры маўлення» (образчики речи) мясцовых жыхароў Віленскай, Ковенскай, Мінскай і Курляндскай губерняў. Сабраныя ім у 1827 годзе матэрыялы пазней былі выкарыстаны П. Ё. Шафарыкам пры складанні знакамітай карты «Славянскія землі» (1842).
У 1846 годзе па даручэнні Геаграфічнага таварыства П. І. Кёпен пачаў працу над этнаграфічнай картай Еўрапейскай Расіі, выдадзенай у 1851 годзе, над распрацоўкай якой працаваў многія гады. За гэты фундаментальны праект таварыства прысудзіла яму Поўную Жукоўскую прэмію (1852) і залаты Канстанцінаўскі медаль (1854). Пазней, у 1857 годзе, П. І. Кёпен выступіў ініцыятарам яшчэ адной шырокамаштабнай кампаніі па зборы статыстычных звестак аб этнічным і канфесійным складзе насельніцтва імперыі праз мясцовых святароў. Атрыманыя даныя ўвайшлі ў гісторыю як «прыходскія спісы» (приходские списки) і сталі каштоўнай крыніцай для наступных этнографаў (напрыклад, Р. Ф. Эркерта і А. Ф. Рыціха), нягледзячы на шэраг метадалагічных недакладнасцей.
Акрамя таго, з 1825 года ён выдаваў часопіс «Бібліяграфічныя лісты» на рускай мове, у якім друкаваўся «Храналагічны роспіс першадрукаваным славянскім кнігам». Гэты роспіс змяшчаў звесткі не толькі пра кірылічныя выданні, але і пра кнігі, надрукаваныя глаголіцай, а таксама пра польскія і чэшскія выданні лацінкай. Асаблівая каштоўнасць гэтага даведніка заключалася ў тым, што Кёпен указваў месцазнаходжанне кніг і крыніцы сваіх звестак, упершыню забяспечыўшы апісанні дэталёвымі бібліяграфічнымі даведкамі. У 1827 годзе П. І. Кёпен таксама ўпершыню выдаў Фрайзінгенскія ўрыўкі — найстаражытнейшы тэкст на славянскай мове, запісаны лацінкай.
У беларусістыцы У рэцэнзіі на «Грунтоўнае апісанне…» Калайдовіча і Строева Пётр Кёпен адмоўна паставіўся да шматкроць ужытага аўтарамі паняцця «беларускі». Пішучы пра мову перакладаў Францішка Скарыны, Кёпен, які ўласна даследаваў у Беларусі гутарковую беларускую мову, сцвярджаў, што адносна літаратурных форм мовы твораў Францішка Скарыны выраз «беларускі пераклад» — няслушны. Напэўна, Кёпен зыходзіў з вызначанага Калайдовічам арэалу пашырэння «беларускай мовы» і гэты абшар у яго ўяўленні не адпавядаў мове, пра якую ішла гаворка. Кёпен прапанаваў для наймення літаратурных форм мовы твораў Францішка Скарыны лінгвонім «літоўска-руская мова», бо маларасіяне называлі літаратурную «рускую мову» ВКЛ (старабеларускую/ стараўкраінскую) як «літоўская мова» і гэты лінгвонім ужыты да яе ў катэхізісе XVII ст. Лаўрэнція Зізанія. На думку С. Запрудскага, паказальна, што праблемы з найменнем гутарковай беларуская мова ўзніклі ў асоб, якія паходзілі з Украіны (Кёпен і Качаноўскі), Польшчы (Лялевель) або польска-беларускага памежжа (Даніловіч).
Даследаванні П. І. Кёпена 1827 года ўнеслі значны ўклад у беларускае мовазнаўства і гістарычную дыялекталогію. У выніку апытання святароў ён сабраў 234 рукапісныя тэксты з узорамі гутарковай мовы сялян беларуска-літоўскага памежжа. Амаль усе яны былі напісаны па-беларуску лацінскай графікай і адлюстроўвалі разнастайнасць мясцовых гаворак, якія святары часцей за ўсё называлі «руска-польскай», «простай» або «беларускай» мовай. Дзякуючы гэтаму ўнікальнаму матэрыялу даследчык змог аб’ектыўна вызначыць лінгвістычную мяжу паміж усходнімі славянамі і балтамі, абышоўшы блытаніну з тагачаснымі канфесійнымі і саслоўнымі стэрэатыпамі.
Узнагароды і прэміі Поўная Жукоўская прэмія Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства (1852) за этнаграфічную карту Еўрапейскай Расіі. Залаты Канстанцінаўскі медаль Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства (1854).
Бібліяграфія Кёппен П. И. Историческое исследование о Югорской земле, в Российско-Императорском титуле упоминаемой. 1818.
Кёппен П. И. О происхождении, языке и литературе литовских народов // Материалы для Истории просвещения в России. 1827. Ч. 3. С. 3—106. Кёппен П. И. О виноделии и винной торговле в России. 1832. Кёппен П. И. Указатель к карте Южного Крыма, принадлежащей к Крымскому сборнику Петра Кеппена. СПб.: В Имп. Академии наук, 1836. Кёппен П. И. Крымский Сборник. СПб., 1837.
Кёппен П. И. Города и селения Тульской губернии в 1857 г. Издано Императорской Академией наук на основании приходских списков Тульской епархии. СПб., 1858. Кёппен П. И. Главные озёра и лиманы Российской империи. 1859. Кёппен П. И. О народных переписях в России. 1889.
Крыніцы
Літаратура
Запрудскі С. Аб «харкаўскім следзе» вывучэння беларускай мовы ў першай чвэрці ХІХ стагоддзя // Studien zu Sprache, Literatur und Kultur bei den Slaven. Gedenkschrift für George Y. Shevelov aus Anlass seines 100. Geburtstages und 10. Todestages. — München-Berlin. — P. 280—286.
Спасылкі
Пётр Іванавіч Кёпен на сайце Рускага геаграфічнага таварыства. Кеппен, Петр Иванович // Русский биографический словарь: В 25 т. / под наблюдением А. А. Половцова. 1896—1918.
Катэгорыя:Правадзейныя члены Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук Катэгорыя:Географы Расійскай імперыі Катэгорыя:Этнографы Расійскай імперыі Катэгорыя:Дэмаграфы Расійскай імперыі Катэгорыя:Картографы Расійскай імперыі Катэгорыя:Гісторыкі Расійскай імперыі Катэгорыя:Выпускнікі Харкаўскага ўніверсітэта Катэгорыя:Сапраўдныя стацкія саветнікі Катэгорыя:Узнагароджаныя Канстанцінаўскім медалём