Аркадзь Іосіфавіч Наркевіч (, в. Варонаўшчына, Капыльскі раён, Мінская вобласць — ) — беларускі мовазнавец, спецыяліст у галіне беларускага мовазнаўства. Доктар філалагічных навук (1974), прафесар (1976).

Біяграфія Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага, аддзяленне беларускай мовы і літаратуры (1951). Працаваў настаўнікам Грэскай сярэдняй школы (Слуцкі раён). У 1952—1955 гг. вучыўся ў аспірантуры ў Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР. У 1956 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Способы выражения определения в современном белорусском литературном языке: (на материале произведений Я. Коласа)», у 1973 г. — доктарскую на тэму «Система словосочетаний в современном белорусском литературном языке: (структурно-семантическое описание)». У 1974 г. стаў доктарам філалагічных навук, у 1977 г. — прафесарам.

Працаваў у Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР (1955—1965, старшы навуковы супрацоўнік), Беларускім дзяржаўным універсітэце (1965—2002, дацэнт кафедры беларускай мовы філалагічнага факультэта, прафесар кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання факультэта журналістыкі, у 1989—1996 — загадчык кафедры).

З’яўляўся членам Беларускага саюза журналістаў.

Навукова-даследчыцкая дзейнасць Галоўнымі аб’ектамі навуковых даследаванняў А. Наркевіча былі культура мовы, стылістыка і граматыка беларускай мовы. Ён з’яўляецца аўтарам кніг «Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове: (структурна-семантычнае апісанне)» (1972), «Назоўнік. Граматычныя катэгорыі і формы» (1976), «Практыкум па курсу «Сучасная беларуская літаратурная мова» (1985), «Практычны курс сучаснай беларускай мовы» (1992). У манаграфіі «Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове: (структурна-семантычнае апісанне)» навуковец на багатым фактычным матэрыяле разгледзеў уласцівыя беларускай літаратурнай мове словазлучэнні з боку іх структуры, семантыкі і стылістыкі. У кнізе «Назоўнік. Граматычныя катэгорыі і формы» аналіз назоўнікаў паказаў, што яны належаць да ліку найбольш багатых і разнастайных па сваёй змястоўнай структуры і форме часцін мовы. Дапаможнік для студэнтаў «Практычны курс сучаснай беларускай мовы» пабудаваны ў форме разгорнутых тэматычных пытанняў з заданнямі па ўсіх праграмных раздзелах сучаснай беларускай мовы. Вядомы мовазнавец з’яўляецца суаўтарам кніг «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы: сінтаксіс» (1959) і «Граматыка беларускай мовы» (т. 1-2, 1962—1966). Усяго ім напісана каля 400 навуковых работ, у тым ліку 20 навукова-метадычных і папулярных брашур. Друкаваў рэцэнзіі на працы многіх даследчыкаў.

Яго інтарэсы былі звязаны таксама з культурай маўлення журналістаў. Ён аналізаваў моўныя працэсы, якія выклікаюць з’яўленне новых слоў і словазлучэнняў, узбагачаюць семантычную структуру і лексіка-спалучальныя магчымасці слоўнікавага складу. Меў дачыненне да стварэння кафедры стылістыкі на факультэце журналістыкі БДУ. Быў адным з ініцыятараў выпуску зборнікаў навуковых артыкулаў «Культура мовы журналіста = Культура речи журналиста» (1982—1992), на старонках якіх надрукаваны назіранні над мовай прэсы, радыё і тэлебачання.

Быў членам спецыялізаваных саветаў па лінгвістыцы пры ўніверсітэце і Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР, саветаў па абароне дысертацый, экспертных саветаў Вышэйшага атэстацыйнага камітэта БССР.

Прэміі і ўзнагароды Нагрудны знак «За выдатныя поспехі ў працы». Граматы Міністэрства народнай адукацыі БССР і рэктарата ўніверсітэта.

Ушанаванне памяці У юбілейныя дні вучонага праводзіцца Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Слова ў кантэксце часу».

Крыніцы

Літаратура Наркевіч Аркадзь Іосіфавіч / Я. Г. Міляшкевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 2000. — Т. 11. — С. 161. Наркевіч Аркадзь Іосіфавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. — Мінск, 1987. — Т. 4. — С. 10—11. Наркевіч Аркадзь Іосіфавіч / І. К. Германовіч // Беларуская мова : энцыклапедыя. — Мінск, 1994. — С. 374—375. Наркевич Аркадий Иосифович / В. И. Ивченков // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. — Минск, 2007. — Т. 5. — С. 305. Аркадзь Іосіфавіч Наркевіч / М. Я. Цікоцкі // Веснік БДУ. Серыя 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. — Мінск, 1999. — № 1. — С. 77.

Спасылкі