1-я руская / савецкая ўдарная брыгада (, ) — ваеннае тактычнае фарміраванне Народна-вызваленчай арміі Югаславіі (НВАЮ), створанае на тэрыторыі Славеніі ў апошнія дні Другой сусветнай вайны. Падраздзяленне набрана з ліку грамадзян Савецкага Саюза. У ваенных дзеяннях удзелу не прымала.
Гісторыя У гады Другой сусветнай вайны ў шэрагах партызанскіх фарміраванняў Славеніі налічвалася каля 1550 грамадзян СССР. Гэта былі ваеннапалонныя чырвонаармейцы і остарбайтэры, якія збеглі з лагераў і месцаў прымусовага ўтрымання на тэрыторыі Аўстрыі, Італіі і Югаславіі, акупаванай войскамі краін «восі». Яшчэ адну групу байцоў прадстаўлялі перабежчыкі з воінскіх фарміраванняў вермахта: 162-й (цюркскай) пяхотнай дывізіі, казацкіх і іншых калабарацыянісцкіх фарміраванняў. Першапачаткова савецкія грамадзяне знаходзіліся ў розных партызанскіх атрадах і брыгадах. З восени 1943 года, у сувязі з ростам іх колькасці, Галоўны штаб Народна-вызваленчай арміі і партызанскіх атрадаў Славеніі пачаў зводзіць замежнікаў у аднастайныя па складзе падраздзяленні партызанскіх атрадаў і народна-вызваленчых брыгад 7-га і 9-га карпусоў. З’явіліся так званыя «рускія» аддзяленні, узводы, роты і батальёны. Гэтыя фарміраванні ўваходзілі ў склад славенскіх партызанскіх часцей і цалкам падпарадкоўваліся іх камандаванню.
Па завяршэнні вайны ўсе грамадзяне СССР падлягалі рэпатрыяцыі. Для забеспячэння арганізаванай адпраўкі былых партызан на радзіму ў маі 1945 года была сфарміравана 1-я руская брыгада, у якую накіроўваліся савецкія грамадзяне з часцей НВАЮ.
Фарміраванне брыгады ажыццяўлялася на базе 2-га «рускага» батальёна 18-й славенскай ударнай Базавіцкай брыгады з грамадзян СССР, якія ўваходзілі ў склад падраздзяленняў 9-га і 7-га карпусоў. Стварэнне злучэння адбывалася ў сяле Шэмпас, размешчаным у 12 км на ўсход ад Гарыцыі. Падраздзяленне складалася з чатырох (па іншых даных — двух) батальёнаў. Камандзірам брыгады прызначаны Анатоль Ігнатавіч Дзячэнка, які да гэтага займаў пасаду намесніка камандзіра Базавіцкай брыгады. У баявых дзеяннях 1-я руская брыгада ўдзелу не прымала. Неўзабаве пасля ўтварэння асабісты склад з’ехаў праз Любляну ў Савецкі Саюз.
У кнізе ваенна-гістарычнага інстытута ў Бялградзе «Народна-вызваленчая армія Югаславіі» заяўлялася пра 800 байцоў. Па іншай інфармацыі, у канцы чэрвеня 1945 года па спісе асабістага складу брыгада налічвала 416 чалавек. Яшчэ каля 90 чалавек знаходзіліся ў гэты час у розных шпіталях. Каля 60 чалавек у чэрвені былі накіраваны ў Чырвоную Армію. З ліку 448 савецкіх грамадзян брыгады рускіх было 190, казахаў — 70, украінцаў — 60, азербайджанцаў — 50, узбекаў — 25, беларусаў — 15, таджыкаў — 10, туркменаў — 10, кіргізаў — 5, татараў — 5, яўрэяў — 4, малдаван — 4.
Крыніцы
Літаратура
Зеленин, В. В. Участие советских людей в народно-освободительной войне Югославии // Советское славяноведение : журнал. — Москва: Наука, 1965. — Вып. 6.
Семиряга, М. И. Советские люди в европейском сопротивлении. — Москва: Наука, 1970.
Bavec-Branko, Franjo. Bazoviška brigada. — Ljubljana, 1970.
Zbornik dokumenata i podataka o narodnooslobodilačkom ratu jugoslovenskih naroda. Borbe u Sloveniji 1945. god / Miloš Krstić. — Beograd: Vojnoistorijski institut, 1975. — Т. 6, knj. 19. Zbornik dokumenata i podataka o narodnooslobodilačkom ratu jugoslovenskih naroda. Operacije jugoslovenske armije 1945. god / Krstić, Miloš. — Beograd: Vojnoistorijski institut, 1975. — Т. 11, knj. 4.
Катэгорыя:Народна-вызваленчая армія Югаславіі