Яўген Аляксандравіч Красулін () — беларускі гісторык, маяніст і эпіграфіст. Кандыдат гістарычных навук (2003), дацэнт (2006).

Біяграфія Нарадзіўся 22 красавіка 1970 года ў Мінску ў сям’і служачых.

У 1996 годзе скончыў гістарычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава. У 1996—2000 гадах навучаўся ў аспірантуры МДУ, вывучаў старажытную мову і пісьменства мая. На фарміраванне гістарычнага светапогляду аказалі ўплыў В. І. Гуляеў, Г. Г. Яршова, Ю. В. Кнарозаў, В. І. Кузішчын і А. Л. Смышляеў.

У 2001—2003 гадах працаваў выкладчыкам кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2003 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Ідэалогія і царская ўлада ў старажытных мая (па матэрыялах іерагліфічных тэкстаў Паленке)» (навуковыя кіраўнікі — прафесары Ю. В. Кнарозаў і Г. Г. Яршова). У 2003—2006 гадах — выкладчык, з 2006 — дацэнт кафедры гісторыі новага і навейшага часу гістарычнага факультэта БДУ.

У лютым 2022 года звольнены з БДУ па артыкуле за «прагулы», калі праз пагрозы палітычнага пераследу ў Беларусі не вярнуўся з адпачынку ў Вільні, дзе тым часам жыла яго сям’я. Перад ад’ездам зазнаў ідэалагічны ціск і даносы за выступленні ў незалежных СМІ.

Сям’я З 1993 года ў шлюбе з Ганнай Красулінай (нар. 18.9.1969), палітычнай актывісткай, прэс-сакратаркай Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Святланы Ціханоўскай.

Сужэнцы маюць дваіх дзяцей. Дачка ў 2018 годзе была студэнткай.

Навуковая дзейнасць Сфера навуковых інтарэсаў уключае гісторыю дакалумбавых цывілізацый Амерыкі, традыцыйныя грамадствы і іх рэлігію, гісторыю Кітая, мадэрнізацыйныя працэсы ў краінах Азіі, дыктатарскія рэжымы Лацінскай Амерыкі і гісторыю Афрыкі.

Удзельнічаў у археалагічнай экспедыцыі ў Мексіцы (наведаў 22 гістарычныя лакацыі), працаваў з іерагліфічнымі тэкстамі.

Аўтар больш за 20 навуковых прац.

Асноўныя публікацыі «Compendio Xcaret de la escritura jeroglifica Maya descifrada por Yuri V. Knorosov» (Mexico, 1999, у суаўтарстве). «К вопросу о зарождении мезоамериканского города» (Масква, 2000). «Сакральная организация пространства селения у индейцев майя» (Масква, 2002). «Лацінская Амерыка ў XIX — пачатку XX ст.» (Мінск, 2006, спецыяльны змест вучэбнага дапаможніка). «„Трыяда Паленке“ як версія блізнечнага міфа» (Мінск, 2005). «Іерагліфічныя тэксты Храма Надпісаў у Паленке» (Мінск, 2005).

Грамадская дзейнасць Быў палітычным аналітыкам, афіляваным з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. Пісаў для партыі праграмы, стратэгіі і рыхтаваў кандыдатаў да выбарчых кампаній. Пасля падзей 2020 года ўдзельнічаў у напісанні праектаў (драфтаў) новай Канстытуцыі Беларусі, настойваў на адзінай дзяржаўнай беларускай мове.

Займаецца гістарычнай экспертызай на стыку з палітычнай аналітыкай. Выступае як эксперт у незалежных беларускі СМІ — Белсат, Еўрарадыё, Zerkalo.io і іншых, з аналізам працэсаў фармавання нацый, перспектыў дыктатарскіх рэжымаў (Венесуэла, Зімбабвэ) і пытанняў нацыянальнай ідэнтычнасці.

Мае ўласны YouTube-канал @AugienKrasulin, дзе змешчаны курс лекцый «Дыктатуры ў тэорыі і на практыцы». Удзельнічае ў інтэлектуальных дыскусіях, як напрыклад «Кава з гісторыкам» (Варшава-Вільня).

Як антраполаг даследаваў феномен беларускага «агра-трэшу» (самаробных скульптур з шын), праводзячы паралелі паміж культурнымі кодамі старажытных цывілізацый і сучаснай народнай эстэтыкай.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Кандыдаты гістарычных навук