Цэнтр беларускай культуры (ЦБК; ) — установа культуры ў Даўгаўпілсе, Латвія. Сядзіба размешчана па вуліцы Алеяс, 68-1А. З 2013 года кіраўніцай з’яўляецца Жанна Раманоўская.
Заснаваны 25 сакавіка 1999 года, рашэннем дэпутатаў Даўгаўпілскай гарадской думы, як бюджэтная ўстанова культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання.
Цэнтр беларускай культуры займаецца захаваннем і папулярызацыяй беларускай культуры, арганізацыяй і правядзеннем культурных мерапрыемстваў у Латвіі.
Пры ЦБК створана 7 творчых калектываў: ансамбль беларускай народнай песні «Купалінка» (1992 г.), танцавальны ансамбль «Лянок» (2000 г.), тэатральная студыя «Паўлінка» (2007 г.), харавая капэла «Спадчына» (2013 г.) і вакальна-інструментальны ансамбль «Пралескі» (2014 г.). Таксама дзейнічае мастацкая студыя «Каларытны свет» (2017 г.), дзіцячая студыя «Скарбніца» (2019 г.). У 2018 г. быў адкрыты музейны пакой «Беларуская хатка».
Творчыя калектывы рэгулярна ўдзельнічаюць у Латвійскім свяце танца і песні, міжнародных фестывалях «Балтыка», «Аўгшдаўгава», «Славянскі базар у Віцебску», «Браслаўскія зарніцы», «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», «Залессе збірае сяброў», «Вентспілскі вянок», «Фэст» і іншых фестывалях у Латвіі, Беларусі, Эстоніі і Літве.
Працуе народная беларуская бібліятэка, якая налічвае каля 1750 кніг. У рамках культурна-асветніцкай дзейнасці ЦБК рэгулярна праводзяцца: міжнародны фестываль «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе»; Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе; народнае свята «Купалле» і беларускія абрадавыя святы; літаратурныя вечары; сустрэчы з паэтамі, пісьменнікамі і цікавымі людзьмі.
Акрамя гэтага, пастаянна рыхтуецца адукацыйна-гульнявая праграма для дзіцячых садоў «Нашы суседзі — беларусы» і экскурсійная праграма для школьнікаў «Беларускі дом».
Крыніцы
Спасылкі Старонка Цэнтра беларускай культуры
Катэгорыя:Арганізацыі беларусаў Латвіі Катэгорыя:1999 год у Латвіі Катэгорыя:З’явіліся ў 1999 годзе Катэгорыя:Арганізацыі Даўгаўпілс