Стэфан Феліцыян Пётр Ліпінскі () — рэлігійны дзеяч евангелічна-рэфармацкай царквы, суперінтэндант віленскі (1855—1879) і генеральны суперінтэндант Ядноты Літоўскай (1857—1879), перакладчык, выкладчык.
Біяграфія Паходзіў са шляхецкага роду Ліпінскіх. Бацька — Юзаф Ліпінскі, харунжы коннай гвардыі ВКЛ, маці — Тэафілі з Лабоўскіх. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі, потым у Дэрпцкім універсітэце, дзе разам з Цітусам Курнатоўскім быў адным з першых студэнтаў тэалагічнага факультэта ад Ядноты Літоўскай. У 1828 годзе стаў адным з заснавальнікаў студэнцкай карпарацыі «Polonia».
У 1830 годзе скончыў вучобу і быў пасвечаны на пастара. Служыў у Копысі, а з 1835 года ў Вільні, дзе прапаведаваў на польскай, нямецкай і французскай мовах. Часова абслугоўваў таксама парафію ў Дзявалтаве, дзе ў той час не было сталага пастара.
З 1836 года выкладаў рэлігію і лацінскую мову ў 2-й Віленскай гімназіі, нямецкую мову ў прыватных школах для дзяўчат, займаўся рэпетытарствам.
У 1839 годзе наведваў у вязніцы Шымана Канарскага, а 27 лютага суправаджаў яго да месца пакарання смерцю.
Пасля смерці Рафала Доўнара ў 1855 годзе быў пасвечаны на віленскага суперінтэнданта, застаючыся пры гэтым прапаведнікам у Віленскім зборы.
У 1857 годзе яго выбралі генеральным суперінтэндантам, і ён займаў гэтую пасаду да самай смерці ў 1879 годзе. Час ягонага служэння прыпаў на складаны перыяд, бо пасля секулярызацыі царкоўных маёнткаў у 1841—1842 гадах даходы Ядноты значна скараціліся. Ліпінскі карыстаўся сувязямі сям’і сваёй жонкі, дачкі палкоўніка расійскага войска, а таксама ўласнымі кантактамі, каб змякчыць наступствы гэтай пастановы. Дзякуючы гэтаму, пры падтрымцы іншых членаў грамады, удалося дамагчыся перадачы Ядноце даходаў з адабраных маёнткаў, хоць іх кіраванне заставалася ў руках царскіх уладаў.
У 1869 годзе, калі віленскі генерал-губернатар Аляксандр Патапаў загадаў яму ўвесці рускую мову ў набажэнствы, ён адцягваў выкананне гэтага распараджэння, спасылаючыся на тое, што святары не валодаюць гэтай мовай. У выніку царскія ўлады абмежаваліся вядзеннем метрычных і царкоўных дакументаў па-руску.
Навуковая дзейнасць З 1845 быў сябрам Віленскага таварыства дабрачыннасці, з 1855 — Віленскай археалагічнай камісіі.
Пераклаў на польскую мову шэраг прац, у тым ліку «Біблійны Катэхізм» (Katechizm biblijny) Ф. А. Крумахера і чатыры тамы «Гісторыі Рэфармацыі» (Historia reformacji) Ж.-А. Мерля д’Абінье.
Сваім тастаментам перадаў сваю бібліятэку (1600 тамоў) бібліятэцы Сіноду.
Узнагароды ордэн Святога Станіслава ІІ ступені (1860); Ордэн Святой Ганны ІІ ступені (1863).
Сям’я Быў жанаты з Марыяй Брысеман фон Нетынг. Меў шасцярых дзяцей. Адзін з сыноў, Юзаф Вільгельм, удзельнічаў у паўстанні 1863—1864 гг..
Крыніцы
Катэгорыя:Нарадзіліся ў Бешанковіцкім раёне Катэгорыя:Рэфармацкія святары Беларусі Катэгорыя:Рэфармацкія святары Літвы