Натан Вайнгауз (; 1905 (1912?), Мінск — , Мінск) — яўрэйскі пісьменнік, журналіст, адзін з арганізатараў падполля Мінскага гета. Варыянты напісання імя: Нотке Вайнгауз, Нотэ Вайнгойз.

Біяграфія

Жыццё і праца ў Мінску Нарадзіўся ў Мінску. Скончыў яўрэйскую 7-гадовую школу і Яўрэйскі педагагічны тэхнікум.

Займаўся публіцыстыкай, пісаў і адаптаваў кнігі для дзяцей, быў адным з кіраўнікоў піянерскага і камсамольскага руху ў Беларусі. Ад 1927 года рэдактар газеты «Дэр піянер-векер» («Піянерскі будзільнік»).

Пасля службы ў Чырвонай Арміі пераехаў у Яўрэйскую аўтаномную вобласць (РСФСР). Многія яўрэі, у тым ліку з Беларусі, у пачатку 1930-х выправіліся туды, на савецкі Далёкі Усход, паверыўшы, што ў Бірабіджане ствараецца сапраўдная яўрэйская нацыянальная рэспубліка. У ЯАВ Натан Вайнгауз узначальваў радыёкамітэт.

Рэпрэсіі У другой палове 1930-х у ЯАВ разгарнуліся палітычныя рэпрэсіі супраць «ворагаў народа», «нацдэмаў» і «трацкістаў». Вайнгауза выключалі з партыі за «неданясенне».(…) на пастаўленае яму пытанне, чаму ён, ведаючы многіх нацдэмаўцаў і трацкістаў, ведаючы іх сяброў і г.д. ні разу не паведаміў у партарганізацыю аб неабходнасці праверыць асабістых сяброў трацкістаў Разенблюма, Фалкіна, Аракснова, Саўчанку, Гайко і інш.? Вайнгауз адказаў: «Я не вар’ят і паклёпнічаць на людзей не буду… Такое патрабаванне могуць паставіць толькі ненармальныя людзі».— Пратакол № 124 Пасяджэння Бюро Абкама ВКП(б) Яў. А. В. — ДВК, г. Бірабіджан 17-га сакавіка 1937 г. У 1937 годзе ён быў прызначаны дырэктарам Бірабіджанскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра імя Кагановіча — пасля арышту папярэдняга дырэктара. У чэрвені 1938 года Вайнгауз і пісьменнік Гірш Добін, супрацоўнік газеты «Бірабіджанер штэрн», былі арыштаваныя па абвінавачванні ва ўдзеле ў «контррэвалюцыйнай праватрацкісцкай арганізацыі» і шпіянажы на карысць Японіі.

Каб арыштаваць, Вайнгауза выклікалі тэрміновай тэлеграмай з гастроляў па вобласці. У тэлеграме прапаноўвалася тэрмінова вярнуцца ў Бірабіджан «рыхтаваць зімовы сезон».«Ён адразу змяніўся, змарнеў. На нервовай глебе яму здавалася, што ў яго баляць усе зубы, і ён пачаў вырываць зусім здаровыя.

…Жыў ён у двары тэатра, у доме артыстаў, разам з нашай актрысай Басіхес. Яны мусілі пасля гастроляў афіцыйна зарэгістраваць шлюб. Прачнуўся Вайнгауз рана. Ён надзеў белую кашулю-тэніску, белыя штаны, тэпці на босую нагу і зайшоў у рэстаран, які быў у нашым двары, паснедаць. Ён паспеў толькі выпіць паўшклянкі гарбаты, як падышла афіцыянтка і сказала, што яго просяць зайсці ў кабінет дырэктара рэстарана. Як толькі ён пераступіў парог, двое супрацоўнікаў НКУС, якія там былі, прапанавалі яму разлічыцца з афіцыянткай і ісці за імі да машыны, якая стаяла ў двары. Ён папрасіў дазволу зайсці дадому пераапрануцца, але яму гэтага не дазволілі». — З успамінаў акцёра Бірабіджанскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра Мотла Сіраты. У 1939 годзе, пасля года ў зняволенні, Вайнгауз быў прызнаны вінаватым па артыкулах 58-1а і 58-11 КК РСФСР. Але пасля арышту наркама НКВД СССР Мікалая Яжова справа трапіла на перагляд. У сакавіку 1940 года Вайнгауз і Добін былі апраўданыя за адсутнасцю складу злачынства.

У 1940 г. вярнуўся ў Беларусь, у Мінск. Працаваў начальнікам аддзела навучальных устаноў Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР.

Удзел у падполлі Пасля нападу Германіі на СССР у час Другой сусветнай вайны і заняцця Мінска гітлераўскімі войскамі Вайнгауз стаў адным з арганізатараў падполля ў Мінскім гета. Ён жыў разам з сям’ёй на Нова-Мясніцкай вуліцы (зараз не існуе). На гарышчы дома, у коміне, быў схаваны радыёпрыёмнік, а яго антэна была ўплеценая ў вяроўку для бялізны. Паводле ўспамінаў вязня гета, радыётэхніка Абрама Туніка, той прыёмнік ён вынес на просьбу Вайнгауза са складу канфіскаванай радыётэхнікі ў зале Опернага тэатра.

Гірш Смоляр успамінаў, як наведаў Вайнгауза на Нова-Мясніцкай.Я з цяжкасцю яго пазнаў. Прыгожы выразны твар цяпер быў спрэс пакрыты цёмнымі глыбокімі маршчакамі. Не засталося і следу ад колішняга агню ў вачах. Павітаўшыся, ён адразу пайшоў на кухню, прынёс бохан хлеба і місу цеплаватай поліўкі. І калі я ўжо сеў за стол, здарылася такое, што кавалак ежы так і стаў у маім горле. Бацька Нотке, якога я памятаў як мудрага зычлівага чалавека, раптам істэрычна закрычаў: 'Што ты робіш! Мы паміраем з голаду! А ты аддаеш апошнюю ежу! Нам не патрэбныя ніякія госці!' — і паглядзеў на мяне з такой непрыязнасцю, што я міжволі пасунуўся да дзвярэй. (Пазней дактары расказалі мне, што ў гета часта здараліся такія выпадкі істэрыі. Як правіла, яны былі справакаваныя страхам памерці з голаду і асабліва абвастрыліся тады, калі гета абнеслі калючым дротам.) …Нотке правёў мяне на гарышча. Гэта была ягоная схованка. На перакуленай скрыні ляжалі некалькі аркушаў паперы з якойсьці ягонай пісанінай. …Гэта была поўная злосці справаздача пра яго арышт і допыты ў Бірабіджане.

…Нотке Вайнгауз паведаміў імя „сувязнога“, які мог дапамагчы мне ва ўмовах гетаўскага голаду памірыць, так бы мовіць, душу і цела. 'Сувязным' Нотке быў начальнік яўрэйскай паліцыі Зяма Серабранскі. (У маладосці яны разам працавалі ў апараце камсамола.)«Яго становішча ў гета было асабліва складанае: яго ведалі ўсе — ад малога да вялікага. І хоць яго пышная шавялюра ўжо паспела пасівець, яго ўсё яшчэ не называлі інакш, як «Нотке» — як у тыя гады, калі ён — адзін з папулярных працаўнікоў камсамола ў Менску, рэдактар ​​дзіцячай газеты — хадзіў з ватагай дзятвы па вуліцах з песнямі ды жартамі. Для яго паказвацца на вуліцах гета значыла рызыкаваць патрапіць у рукі гестапа, якое ў той час асабліва старанна шукала камуністаў. …Блізкія таварышы забяспечылі яго дакументам, па якім ён значыўся муляром, які працуе ў гета.» — З успамінаў Гірша Смоляра. У падполлі Вайнгауз быў «адказны за прапагандысцкую працу і складанне матэрыялаў для распаўсюду сярод насельнікаў гета». З дапамогай радыётэхніка Абрама Туніка ён слухаў і запісваў паведамленні Савецкага інфармацыйнага бюро.

Мэту Нотке бачыў у тым, каб пераадолець дэзарыентаванасць яўрэяў Менскага гета пра намеры Гітлера ў дачыненні да яўрэяў наогул і савецкіх яўрэяў у прыватнасці. Зрабіць гэта было няпроста, бо людзі добра памяталі нядаўнія ідылічныя стасункі паміж Савецкім Саюзам і гітлераўскай Германіяй пасля падпісання пакта Молатава–Рыбентропа. І менавіта Молатаў расцаніў нямецкі нацыянал-сацыялізм як 'справу густу'.

Натан Вайнгауз загінуў у часе нацысцкай акцыі ў гета ў 20 лістапада 1941 г.

Яны ачапілі раён Татарскай вуліцы, яўрэйскую частку Замкавай і прылеглыя завулкі. Мэта немцаў рабілася відавочнай: скарачаць тэрыторыю гета з усіх бакоў, змушаючы яўрэяў усё больш скучвацца на ўсё меншай плошчы. Іх адціскалі ў нязменным кірунку — да могілак.

Ад Зямы Серабранскага я даведаўся, што падчас акцыі нацысты натрапілі на 'маліну' Нотке Вайнгауза. Іншых падрабязнасцяў пра гібель нашага таварыша да нас не дайшло.

Яго сям’я загінула разам з ім.

Творчасць З сярэдзіны 1920-х гг. публікаваў нататкі і рэпартажы ў яўрэйскіх перыядычных выданнях Мінска. Пісаў пра жыццё дзяцей і моладзі. Падчас службы ў Чырвонай Арміі ў 1931 годзе пісаў пра жыццё ў казарме для выданняў «Эмес» (Масква) і «Актобэр» (Мінск).

Выдаў кнігі: «Tsuhilf di kinder-korkrayzn un redkolegyes» («Дапамога ў стварэнні дзіцячых гурткоў і рэдакцый») (Менск, 1926), 32 с.; «Fizkult in shtetl» («Фізкультура ў горадзе»), разам з Л. Цэйтлінам (Менск, 1927), 28 с.; «Dertseylungen» («Апавяданні») (Менск, 1927), 68 с.; «Internatsyonalizirt» («Інтэрнацыяналізаваны»), прапагандысцкая п’еса ў трох дзеях (Масква-Менск, 1930), 34 с., разам з М. Дубравіцкім; «Асінбуд» (Масква-Менск, 1930), апавяданне, 29 с.; «Af der vakh» («На варце») (Менск, 1932), 92 с.

У шэрагу іншых выданняў для дзяцей выступіў як укладальнік, перакладчык і рэдактар.

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1905 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мінску Катэгорыя:Памерлі 20 лістапада Катэгорыя:Памерлі ў 1941 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Мінску Катэгорыя:Асобы Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя:Журналісты Катэгорыя:Халакост у Беларусі Катэгорыя:Гета ў перыяд Другой сусветнай вайны