Гірш Мордухавіч Камянецкі або Герш Камянецкі (; ) — яўрэйскі паэт, перакладчык, літаратурны крытык.
Біяграфія Нарадзіўся ў мястэчку Чэрнеўка, цяпер Барысаўскі раён. Атрымаў традыцыйную яўрэйскую адукацыю ў хедары і ешыве. Працаваў цырульнікам у Барысаве, дзе жылі яго бацькі. У 1919 годзе быў мабілізаваны ў Чырвоную армію, удзельнічаў у польска-савецкай вайне. На фронце захварэў на сухоты.
У 1928—1930 гадах вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.У Барысаве, дзе Герш правёў дзіцячыя гады і дзе ў юнацтве працаваў цырульнікам, жылі маці, браты і сёстры, і туды ён часта наведваўся. Вяртаўся з Барысава адпачылым, бадзёрым. Сябры не заўважалі яго ў кампаніі жанчын. Гулянак ён пазбягаў. Праўда, хадзілі чуткі, што ў Герша жанчына ўсё ж такі ёсць, і сустракаюцца яны ў рамантычных абставінах недзе за горадам. Цалкам магчыма, што менавіта ёй ён прысвячаў пранікнёныя любоўныя радкі, якія час ад часу публікаваў. Уваходзіў у яўрэйскую секцыю Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). Пазней — у Саюзе пісьменнікаў БССР. У 1937—1941 гадах Камянецкі быў адказным сакратаром яўрэйскай секцыі Саюза пісьменнікаў. Нельга сказаць, што Камянецкі быў прыдатным кандыдатам на пасаду, якую займаў. У яго быў мяккі характар, і гэта яму замінала ў адміністратыўнай працы, якая патрабуе цвёрдасці ў прыняцці рашэнняў. Успамінаецца камічны эпізод. У яўрэйскай секцыі з’явіліся магчымасць вылучыць пакой у камунальнай кватэры аднаму з пісьменнікаў-чаргавікоў. Прэтэндэнтаў было шмат. Хацелі аддаць жылплошчу Рувіму Рэйзіну, сям'я якога складалася з чатырох чалавек і тулілася ў маленькім пакойчыку.
— Рувіму трэба асобная кватэра, — параіў нехта Камянецкаму. — Пакой яго ўсё роўна не задаволіць. Лепш аддайце яго Моцю Дзегцяру, які здымае кут.
Камянецкі выкрасліў адно прозвішча і ўпісаў другое.
— Дзягцяр пачакае, ён жыве адзін, — умяшаўся ў размову яшчэ адзін дарадца. — А ў Сары Каган дарослыя дзеці, і ўсе спяць у адным пакоі. Ёй дадатковая жылплошча больш патрэбная.
Камянецкі зноў памяняў адно прозвішча на другое. Так яны тасавалі імёны прэтэндэнтаў… У выніку пастанавілі: хай праблему вырашае літаратурны фонд… У 1941 годзе, пасля гітлераўскага нападу на СССР, Камянецкі быў у эвакуацыі ў Бугуруслане (Расія). У Мінск вярнуўся ў 1945 годзе. У першыя пасляваенныя гады беларускія яўрэйскія дзеячы спадзяваліся на адраджэнне ў Беларусі іх нацыянальнай культуры: «Вярнуўся з эвакуацыі Беларускі дзяржаўны габрэйскі тэатр, сталі гучаць радыёнавіны на ідышы, меркавалася выданне альманаха. У Мінск вярнулася група яўрэйскіх пісьменнікаў. Першы нумар альманаха пад рэдакцыяй Хаіма Мальцінскага выйшаў пад шапкай „Міт фэстн трот“ („Цвёрдым крокам“). У ім была шырока прадстаўлена творчасць і Герша Камянецкага».
Камянецкі разам з калегамі па яўрэйскім пісьменніцкім цэху Гіршам Смолярам і Айзікам Платнерам звяртаўся да кіраўніка Камуністычнай партыі Беларусі Панцеляймона Панамарэнкі з просьбай паспрыяць аднаўленню яўрэйскага жыцця ў БССР.…У той позні вечар мы пачулі словы, поўныя адразу і пагрозаў, і абвінавачванняў, і варожасці: «Гэта вашыя людзі арганізавалі габрэйскія банды, каб біць інвалідаў вайны! Гэта вы наладзілі габрэйскую нацыяналістычную сустрэчу з сіянісцкімі прамовамі! Мы хутка пакладзем канец усяму гэтаму…»— Не трэба мець ілюзій, — рэзюмаваў потым Камянецкі, — ніхто нам не дапаможа. Мала таго, мяркуючы па ўсім, трэба чакаць горшых часоў.
У 1948—1949 гадах працаваў рэдактарам мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР.
Падчас антысеміцкай кампаніі ў Савецкім Саюзе (пасля разгрому Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта і з пачаткам так званай «барацьбы з касмапалітызмам»), Камянецкі быў асуджаны па абвінавачанні ў антысавецкай дзейнасці на 10 год зняволення. Адбываў пакаранне ў Азёрлагу, каля горада Брацка (Сібір). Пасля смерці Сталіна быў рэабілітаваны (30 студзеня 1956 года).
Хворы на цяжкую форму сухотаў, дажываў у Барысаве, пра яго клапацілася сястра Блюма Левіна.
Памёр 25 мая 1957 года. Пахаваны на новых яўрэйскіх могілках у Барысаве (вул. Заслонава).
Творчасць Пісаў вершы на ідышы. Друкавацца пачаў у 1924 годзе ў газеце «Актобэр» і часопісе «Штэрн» (Менск), зборніках і альманахах.
Пачынаў з вершаў пра рэвалюцыю і грамадзянскую вайну. Крытыкі адзначалі, што ён увайшоў у свет літаратуры як сталы паэт, але не быў дэкларатыўным паэтам, эканомным у словах і «хутчэй паэтычным апавядальнікам, чым „спеваком“» (Яшэ Банштэйн). У сваёй творчасці ён апяваў ролю яўрэяў у рэвалюцыі і на фронце.
Яго творы публікаваліся ў зборніках:
«Kep, lider zamlung, gevidmet di korbones funem vaysn teror» («Галовы», зборнік вершаў, прысвечаны ахвярам белага тэрору, Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1926), «Atake» («Атака», Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1934), «Sovetishe vaysrusland» («Савецкая Беларусь», Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1935); «Di bafrayte brider» («Вызваленыя браты», Мінск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1939); «Revolutsyonerer deklarator» («Рэвалюцыйная дэкламацыя», Нью-Ёрк, 1933); «Af naye vegn» (Нью-Ёрк, 1949).
Разам з Зэлікам Аксельродам Камянецкі рэдагаваў «Ordentregerishe vaysrusland, literarishe zamlbukh» («Ардэнаносная Беларусь», літаратурная анталогія, Мінск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1939 — 245 с.).
Выдаў зборнікі вершаў:
«Міт глайхе вэгн» («Прамымі дарогамі», 1933) — 124 с.; «Лідэр» («Вершы», 1938) — 29 с.; «А баштэлунг ойф югнт» («Насустрач юнацтву», 1940) — 98 с.; «Штаркер фун айзн» («Мацней за жалеза», 1948); «Айсгевейлтэ лідар» («Выбраныя вершы», 1960), у перакладзе на беларускую мову.
Пераклаў на ідыш:
з польскай мовы — раман Бруна Ясенскага «Чалавек мяняе скуру» («Der mentsh bayt di hoyt», Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1936); з рускай мовы — раман Фёдара Панфёрава «Цвёрдым крокам» («Mitn festn trot», Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1936); аповесць Максіма Горкага «Дзяцінства» («Kindheyt», Мінск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1939).
Крыніцы
Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў БССР Катэгорыя:Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў Катэгорыя:Перакладчыкі на ідыш