«Собеседник» () — агульнарасійская штотыднёвая грамадска-палітычная газета. Выпускаецца аднайменным выдавецкім домам у Маскве, а таксама за межамі Расіі (у Рызе, Мінску, Ерэване, Тэль-Авіве). Перыядычнасць — адзін раз на тыдзень (па аўторках).

Гісторыя Выдаецца з 23 лютага 1984 года. Папярэднікам была аднайменная стужка ў газеце «Комсомольская правда». З 1984 года па кастрычнік 1990 года выпускалася як поўнакаляровы забаўляльны дадатак да газеты «Комсомольская правда», карыстаючыся вялікім попытам. Першы нумар штотыднёвіка выйшаў у чорна-белым варыянце і быў прысвечаны прызначэнню генсекам Канстанціна Чарненка па прычыне смерці Юрыя Андропава.

З кастрычніка 1990 года (№ 43) газета стала самастойным выданнем.

Газета «Собеседник» была першай, якая апублікавала ў 1996 годзе інтэрв’ю з Эдуардам Лімонавым. «Собеседник» стаў першым выданнем, які апублікаваў фрагменты «Запісак кепскай дзяўчынкі» Дашы Асламавай і першай газетай, якая апублікавала разгорнутае інтэрв’ю Уладзіміра Букоўскага, узятым Вольгай Белан 22 жніўня 1991 года. Газета першай атрымала інтэрв’ю шпіёна Алега Гардзіеўскага і аповед ягонай жонкі. Раней за ўсіх «Собеседник» знайшоў сукамерніка Міхаіла Хадаркоўскага і апублікаваў гутарку з ім. У 1999 годзе пачаў працу сайт газеты.

Газета «Собеседник» заклала асновы аднайменнага выдавецкага дома. У 2004 годзе падчас фарміравання гільдыяй выдаўцоў перыядычнага друку спісу вядучых выдавецкіх дамоў «Собеседник» увайшоў у дзясятку вядучых выдаўцоў газетнай перыядычнай друкаванай прадукцыі. Разавы сукупны тыраж перыядычных выданняў на той момант складаў 1773.3 тыс. экз.

У ліпені 2011 года галоўны рэдактар Юрый Піліпенка ўдастоены звання лаўрэата Нацыянальнай прэміі «Медыя-менеджэр Расіі — 2011» у намінацыі «друкаваныя СМІ. Газеты» за рост эканамічных паказчыкаў газеты «Собеседник».

Рускамоўная версія газеты выходзіць у Арменіі з 2011 года. У Беларусі матэрыялы з газеты публікуюцца ў суботнім выпуску газеты «Беларусь сегодня».

У лютым 2014 года ў Маскве прайшла выстава лепшых вокладак газеты «Собеседник». 17 красавіка ў прэс-цэнтры «Россия сегодня» адбылася цырымонія ўручэння Нацыянальнай прэміі ў галіне прэсы «Іскра». У намінацыі «Лепшы нарыс» перамагла карэспандэнт аддзела палітыкі, навін, рэпартажаў газеты «Собеседник» Ліяна Налбандзян з матэрыялам «„Божья“ неволя».

6 сакавіка 2022 года сайт выдання быў заблакаваны на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. У красавіку выдавецкі дом перазапусціў лічбавыя праекты. У сеціве з’явіліся сайты sobesednik.com і prozvezd.info. У пачатку снежня сайт sobesednik.com таксама быў заблакаваны.

13 верасня 2024 года выдавецкі дом быў унесены Мінюстам РФ у спіс «замежных агентаў» . 17 верасня, у сувязі з прызнаннем «замежным агентам», выдавецкі дом абвясціў аб спыненні выпуску газеты як мінімум «на два-тры месяцы».

Галоўныя рэдактары Цімафей Кузняцоў (1984—1985) Уладзімір Снегіроў (1985-1988) Юрый Піліпенка (студзень 1989—2022) Алег Ралдугін (2022—2024)

Крыніцы

Спасылкі Официальный сайт Олег Ролдугин: «Пока команды сверху закрывать „Собеседник“ нет — мы работаем», Лениздат.ру, 15.12.2023

Катэгорыя:Газеты Расіі Катэгорыя:Газеты СССР Катэгорыя:Штотыднёвыя газеты