Раймон Радыге (; ) — французскі пісьменнік, паэт і журналіст.

Біяграфія Нарадзіўся ў 1903 годзе ў сям’і мастака Марыса Радыге. У ліцэі вучыўся пасрэдна, аддаючы свой час кнігам (мадам дэ Лафает, Стэндаль, Пруст, Верлен, Рэмбо, Малармэ, Латрэамон і інш.).

Ва ўзросце 15 гадоў кідае навучанне і займаецца журналістыкай. Жыве то дома, то на Манпарнасе ў мастакоў, пісьменнікаў ці музыкаў. Сябруе з паэтамі Максам Жакобам, Андрэ Сальмонам, П’ерам Рэвэрдзі, мастакамі Пабла Пікаса, Хуанам Грысам, Амедэа Мадыльяні, музыкамі «Шасцёркі» Жоржам Арыкам, Дарыюсам Міё, Арцюрам Анэгерам і Франсісам Пуленкам. У 1918 годзе знаёміцца з Жанам Както. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце менавіта Радыге стаў своесаблівым літаратурным настаўнікам для Както і ягонага атачэння.

Паводле Радыге, быць паперадзе авангарду — значыць пісаць у традыцыйнай манеры. Увасабленнем гэтых прынцыпаў з’яўляецца раман «Чорт у галаву» (Le diable au corps), напісаны ў 1921 годзе і выдадзены ў 1923 годзе Бернарам Грасэ. Раман займеў неймаверны поспех.

Раймон Радыге памёр ад тыфу ў 1923 годзе. Другі яго раман «Баль у графа д’Аржэля» (Le Bal du comte d’Orgel) з прадмовай Жана Както выйшаў пасмяротна ў 1924 годзе.

Яму таксама належаць чатыры паэтычныя зборнікі: «Палаючы твар» (Les joues en feu, 1920), «Заданні на вакацыі» (Devoirs de vacances, 1921), «Верлібры» (Vers libres, 1926) і «Нявінныя забавы» (Jeux innocents) — два апошнія выдадзеныя пасмяротна — і п’еса «Пеліканы» (Les Pélican), напісаная ў 1920 годзе.

Крыніцы

Спасылкі prajdzisvet.org

Катэгорыя:Паэты Францыі Катэгорыя:Франкамоўныя паэты