Альбіна Францаўна Аляксандрава (нар. , в. Суцін, Пухавіцкі раён, Мінская вобласць) — беларускі архівіст, палеограф.
Біяграфія Нарадзілася 2 студзеня 1941 года ў вёсцы Суцін Пухавіцкага раёна. Скончыла Жалудоцкую сярэднюю школу, у 1964 годзе — філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Працоўны шлях пачала настаўніцай. У 1975 годзе перайшла на архіўную працу: займала пасады малодшага, а затым старшага навуковага супрацоўніка ў гаспадарча-разліковым аддзеле Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці.
З ліпеня 1978 года працуе ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве БССР (цяпер Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі). Працавала малодшым, старшым навуковым супрацоўнікам, галоўным палеографам у аддзелах інфармацыі, публікацыі і навуковага выкарыстання дакументаў, а таксама навукова-даведачнага апарата. Займалася арганізацыяй выкарыстання дакументаў, улікам і камплектаваннем бібліятэкі, перапрацоўкай і ўдасканальваннем вопісаў старажытных актаў, у тым ліку фонду князёў Радзівілаў.
З 1991 года ўзначальвала аддзел старажытных актаў НГАБ. У 2003 годзе перайшла на пасаду галоўнага палеографа.
Навуковая дзейнасць Шмат увагі надае методыцы распрацоўкі і апісання актавых кніг судовых устаноў XVI—XVIII стагоддзяў, вывучэнню помнікаў сфрагістыкі, публікацыі і папулярызацыі архіўных дакументаў у сродках масавай інфармацыі.
Прымала ўдзел у падрыхтоўцы зборнікаў дакументаў гісторыка-дакументальнай серыі кніг «Памяць», навуковага выдання серыі «Беларусь у актавых кнігах XVI—XVIII стст.», працавала ў Навуковай радзе архіва і экспертна-метадычнай камісіі. З’яўляецца адным з аўтараў-складальнікаў даведніка «Фонды Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі» (2006), удзельнічала ў падрыхтоўцы навуковага зборніка «Тэстаменты другой паловы XVI ст. па матэрыялах актавых кніг НГАБ».
Узнагароды Нагрудны знак «Ганаровы архівіст Беларусі» (2007).
Бібліяграфія Пасёлак, дзе мы жывём (з гістарычнага мінулага Жалудка) // Савецкая вёска (г.п. Жалудок). 1981. 3 ліст. З успамінаў рэвалюцыянера (да 100‑годдзя І. Е. Любімава) // Ленінскі шлях (Лунінец). 1982. 15 мая. Брэгер Герман Максімавіч // Архівісты Беларусі: Біябібліягр. давед. Мн., 2006. С. 74‑75. Яцкевіч Зміцер Лявонцьевіч // Архівісты Беларусі: Біябібліягр. давед. Мн., 2006. С. 238‑239.
Крыніцы
Літаратура
Архівісты Беларусі: біябібліягр. давед. / Склад. С. У. Жумар, М. Ф. Шумейка. — Мн.: БелНДІДАС, 2006. — С. 52-53. — 254 с. — ISBN 985-6733-12-X.
Катэгорыя:Нарадзіліся 2 студзеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1941 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Пухавіцкім раёне Катэгорыя:Архівісты Беларусі Катэгорыя:Супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ Катэгорыя:Ганаровыя архівісты Беларусі Катэгорыя:Палеографы Беларусі