Дзяржаўная Дума Расійскай імперыі ІІІ склікання — прадстаўнічы заканадаўчы орган Расійскай імперыі, які дзейнічаў у 1907—1912 гг. Першы склад Думы, які быў абраны паводле выбарчага закона 3 чэрвеня 1907 г. і які праіснаваў увесь адведзены ёй законам тэрмін — пяць гадоўЗабаўскі М. Дзяржаўная дума // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Т. 3 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск: БелЭн, 1996. — С. 240—242..

Выбарчае заканадаўства 1907 г Думка аб неабходнасці змены выбарчага закнадаўства з’явілася ў кіруючых колах Расійскай імперыі яшчэ ў канцы 1906 г., калі адбыліся выбары ў ІІ Дзяржаўную Думу, якія другі раз запар далі перамогу апазіцыі. К маю 1907 г. у Міністэрстве ўнутраных спраў былі распрацаваны тры праекты новага выбарчага закона. У выніку быў абраны сярод іх найбольш антыдэмакратычны праект, які набыў сілу закона разам з роспускам ІІ Дзяржаўнай Думы (Трэццячэрвеньскі пераварот).

Выбары па Палажэнні 1907 г. праходзілі па курыяльнай сістэме. Асноўнымі курыямі (афіцыйна курыі іменаваліся спісамі выбаршчыкаў) з’яўляліся:

валасная (сялянская); землеўладальніцкая; 1-я гарадская (вышэйшы выбарчы цэнз); 2-я гарадская (ніжэйшы выбарчы цэнз); рабочая.

Акрамя гэтага, у некаторых мясцовасцях былі выдзелены казачыя курыі, а таксама падзелены курыі рускіх і нярускіх выбаршчыкаў. Унутры курый таксама не існавала норм прадстаўніцтва (стандартнай колькасці выбаршчыкаў на аднаго дэпутата), і колькасць дэпутатаў ад мясцовасцей і курый вызначалася толькі раскладам, які прыкладаўся да Палажэння.

Выбіраліся 442 дэпутаты, з іх ад еўрапейскай часткі Расійскай імперыі — 403, ад Каралеўства Польскага — 10 (у тым ліку адзін ад рускага насельніцтва і адзін ад праваслаўнага насельніцтва), ад Каўказскага краю — 10 (з іх 2 ад казакоў і 1 ад рускага насельніцтва), ад азіяцкай часткі імперыі (Сібір і Далёкі Ўсход) — 15 дэпутатаў. Цэнтральная Азія не была прадстаўлена ў Думе ўвогуле. Ад Вялікага Княства Фінляндскага меркавалася абраць яшчэ 4 дэпутатаў, аднак выбары ў Фінляндыі ні ў III, ні ў IV Думу так і не адбылісяВыборы в I—IV Государственные думы Российской империи (Воспоминания современников. Материалы и документы), под ред. А. В. Иванченко. — Москва, 2008. — [Архивировано 24 сентября 2015 года.], с. 772—822..

Сістэма выбараў была шматступеньчатай. На першым этапе сяляне на валасных сходах выбіралі ўпаўнаважаных на павятовы выбарчы сход (удзельнікі валасных сходаў таксама выбіраліся па адным прадстаўніку ад дзесяці двароў). Сяляне выбіралі па два ўпаўнаважаных ад кожнага валаснога сходу. Рабочыя выбіралі ўпаўнаважаных на губернскі выбарчы сход — па аднаму ад прадпрыемства з колькасцю працоўных ад 50 да 1999 чалавек, або па аднаму ад кожнай поўнай тысячы працоўных на прадпрыемстве. Дробныя землеўладальнікі, якія не мелі дастатковага маёмаснага цэнзу, каб удзельнічаць у павятовым выбарчым сходзе, збіраліся на папярэдні сход, які мог выбраць удзельнікаў павятовага выбарчага сходу (столькі, колькі поўных зямельных цэнзаў складалі сумесна валоданні ўсіх дробных землеўладальнікаў, што з’явіліся на папярэдні сход).

На другім этапе выбараў у кожным павеце збіраліся асобныя выбарчыя сходы чатырох курый (усіх, акрамя рабочай). Ад сялян у сходах удзельнічалі ўпаўнаважаныя; землеўладальнікі і гараджане паводле двух спісаў з’яўляліся асабіста; дробныя землеўладальнікі былі прадстаўлены праз сваіх упаўнаважаных. У губернскім горадзе збіраўся выбарчы сход рабочай курыі.

Выбарчыя сходы выбіралі выбаршчыкаў для ўдзелу ў губернскім выбарчым сходзе, агульным для ўсіх курый. Калі ў сходзе ўдзельнічала да 500 асоб, усіх кандыдатаў выбіралі па чарзе, галасуючы шарамі; калі больш — галасавалі запіскамі з імёнамі і абіралі тых, хто набраў найбольшую колькасць галасоў. У выбаршчыкі маглі быць абраныя толькі ўдзельнікі гэтых выбарчых сходаў.

Паколькі колькасць удзельнікаў сходаў магла быць вельмі вялікай, мясцовыя ўлады мелі права дзяліць сходы па мясцовасцях, а ў гарадах — па выбарчых участках. Мясцовыя ўлады таксама маглі дзяліць выбарчыя сходы на два — для рускіх і нярускіх выбаршчыкаў; гэты адвольны прыём дазваляў на нацыянальных ускраінах рускай меншасці атрымліваць столькі ж выбаршчыкаў, колькі і мясцовае насельніцтва. Паколькі Расійская імперыя не праводзіла фармальнай рэгістрацыі нацыянальнасці сваіх падданых, губернатар вызначаў, хто рускі, а хто не, па сваім меркаванні. Акрамя таго, мясцовыя ўлады маглі дзяліць сходы цэнзавых курый на розныя сходы для больш і менш заможных выбаршчыкаў, а таксама вылучаць асобны сход для цэркваў і манастыроў — землеўладальнікаў. Пры гэтым у выпадку падзелу сходы з рознай колькасцю выбаршчыкаў маглі выбіраць роўную колькасць выбаршчыкаў. Падзел сходаў быў галоўным інструментам, з дапамогай якога мясцовыя ўлады маглі ўзмацняць непрапарцыйнасць прадстаўніцтва і праводзіць жаданых ураду кандыдатаў.

Губернскі выбарчы сход быў трэцім этапам выбараў. Удзельнікі сходу — выбаршчыкі — былі адначасова і выбаршчыкамі, і кандыдатамі ў дэпутаты. Імя кожнага выбаршчыка, які заяўляў пра жаданне быць абраным, выносілася на галасаванне.

Спачатку ўдзельнікі сходу галасавалі запіскамі з імёнамі кандыдатаў. Кожны, хто атрымліваў больш за тры запіскі, ставіўся на балатаванне шарамі. Паколькі ад губерні абіралася ад 2 да 13 дэпутатаў, абранымі лічылася адпаведная колькасць кандыдатаў, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў пры ўмове, што яны набралі больш за палову галасоў. Калі такім чынам абраць усіх дэпутатаў не ўдавалася, праводзілася паўторнае галасаванне на астатнія мандаты — да таго часу, пакуль усе дэпутаты не будуць выбраны.

Спачатку выбіралі дэпутатаў па курыяльных квотах, розных для розных губерняў. Гэтых дэпутатаў выбіраў ўвесь сход, але толькі з ліку выбаршчыкаў, якія прадстаўлялі свае курыі. Па ўсёй Расіі для сялян было зарэзервана 50 мандатаў, для землеўладальнікаў — 50 мандатаў, для выбаршчыкаў 1-га гарадскога сходу — 25 мандатаў, 2-га — 25 мандатаў, 1-га і 2-га разам — яшчэ 25 мандатаў, для казакоў — 3 мандаты, для рабочых — 6 мандатаў. Пасля выбару квотных дэпутатаў астатнія дэпутаты абіраліся з ліку выбаршчыкаў ад усіх курый разам (гэта называлася «па агульным спісе»).

Колькасць выбаршчыкаў у губернскіх выбарчых сходах вызначалася асобнай табліцай, не звязанай наўпрост з колькасцю выбаршчыкаў, і вагалася па губернях ад 45 у Томскай губерні да 158 у Валынскай. Ва ўсіх выбарчых сходах еўрапейскай часткі Расійскай імперыі, акрамя аднаго, выбаршчыкі ад землеўладальнікаў і 1-га гарадскога спісу разам складалі большасць.

218 думскіх мандатаў з 442 былі зарэзерваваныя за квотамі па курыях і нацыянальнасцях. Там, дзе існавалі агульныя выбарчыя сходы (большасць губерняў), квоты па курыях забяспечвалі абавязковы выбар дэпутата з ліку выбаршчыкаў дадзенай курыі, але сам выбар ажыццяўляўся ўсім сходам. Такім чынам, калі б рабочыя, напрыклад, абралі ў губернскі сход пяць апазіцыйных выбаршчыкаў і аднаго праўрадавага, то сход з праўрадавай большасцю мог выбраць дэпутатам ад рабочых менавіта яго. Там, дзе курыя ўтварала асобны выбарчы сход, выбар дэпутата вызначаўся толькі выбаршчыкамі курыі; так было кватавана 37 мандатаў.

Выбарчае права мелі не ўсе жыхары імперыі. Каб мець выбарчае права, неабходна было мінімум за год да выбараў адпавядаць спецыяльным крытэрыям.

Выбарчае права па валасной курыі мелі сяляне-гаспадары, якія валодалі надзельнай або прыватнай зямлёй і асабіста вялі гаспадарку. Гэтыя выбаршчыкі не ўдзельнічалі ў выбарчым з’ездзе наўпрост, а толькі выбіралі ад кожных дзесяці двароў аднаго ўдзельніка валаснога сходу, пасля чаго валасны сход выбіраў двух упаўнаважаных на павятовы выбарчы з’езд. Калі сяляне мелі дастаткова маёмасці для галасавання ў цэнзавых курыях, яны маглі запісацца ў гэтыя курыі замест валасной.

Для выбарчага права (у выглядзе асабістага права ўдзелу ў выбарчым з’ездзе) у землеўладальніцкай курыі патрабавалася за год да выбараў валодаць у тым самым павеце (на выбар):

колькасцю зямлі (або горназаводскімі ўчасткамі), не меншай, чым указана ў адмысловым дадатку да Палажэння; мінімальная колькасць вар’іравалася па губернях ад 125 да 800 дзесяцін (у сярэднім — 200—300 дзесяцін); маёмасцю (акрамя гандлёва-прамысловых устаноў, коштам па земскай ацэнцы не менш як 15000 рублёў (меліся на ўвазе перадусім сельскагаспадарчыя прадпрыемствы).

Прыватныя землеўладальнікі, а таксама цэрквы і манастыры, якія валодалі зямлёй і маёмасцю ніжэй за ўстаноўленую норму, маглі аб’ядноўвацца ў групы, сумесна валодаючы неабходным мінімумам, і накіроўваць на выбарчы з’езд прадстаўніка групы.

Для асабістага ўдзелу ў выбарчым з’ездзе ў 1-й гарадской курыі патрабавалася не менш за год да выбараў валодаць у тым самым горадзе (на выбар):

для губернскіх, абласных гарадоў, гарадоў з граданачальствамі і з насельніцтвам не менш за 20 тыс. чалавек — нерухомасцю коштам не менш за 1000 рублёў, у іншых месцах — не менш за 300 рублёў (гэтым патрабаванням на практыцы адпавядалі любыя шматкватэрныя дамы і большасць індывідуальных); гандлёвымі прадпрыемствамі першых двух разрадаў, прамысловымі прадпрыемствамі першых пяці разрадаў, параходнымі прадпрыемствамі, з якіх выплачваўся прамысловы падатак не менш за 55 рублёў у год (да другога разраду адносіліся гандлёвыя прадпрыемствы з абаротам звыш 50 тыс. рублёў у год, падатак складаў 50-150 рублёў; да пятага разраду адносіліся прамысловыя прадпрыемствы з колькасцю рабочых ад 10 да 200 у залежнасці ад галіны).

Для асабістага ўдзелу ў выбарчым з’ездзе ў 2-й гарадской курыі патрабавалася не менш за год да выбараў у тым самым горадзе (на выбар):

валодаць нерухомасцю коштам менш за 1000 рублёў у губернскіх, абласных гарадах, гарадах з граданачальствамі і насельніцтвам больш за 20 тыс. чалавек; у іншых гарадах — менш за 300 рублёў; валодаць любым гандлёва-прамысловым прадпрыемствам; выплачваць дзяржаўны кватэрны падатак (яго плаціў любы кватэранаймальнік); выплачваць асноўны прамысловы падатак за асабістую дзейнасць (яго выплачвалі кіраўнікі і члены праўленняў акцыянерных таварыстваў і прадпрыемстваў, абавязаных публічнай справаздачнасцю); займаць на сваё імя асобную кватэру (мела значэнне для асоб, якія жылі ў службовых кватэрах); атрымліваць утрыманне або пенсію па службе ў дзяржаўных, земскіх, гарадскіх, саслоўных установах або на чыгунках.

Для выбарчага права ў рабочай курыі патрабавалася працаваць больш за шэсць месяцаў на прадпрыемстве з колькасцю рабочых не менш за 50 чалавек. Рабочыя не ўдзельнічалі ў выбарчым з’ездзе наўпрост, а толькі выбіралі ўпаўнаважаных. Рабочыя маглі быць выбаршчыкамі толькі ў рабочай курыі, нават калі яны адпавядалі цэнзавым патрабаванням іншых курый.

Акрамя таго, існавалі катэгорыі насельніцтва, цалкам пазбаўленыя выбарчых правоў. Да іх адносіліся: іншаземцы, асобы маладзейшыя за 25 гадоў, жанчыны, навучэнцы, вайскоўцы, «качавыя іншародцы», усе асобы, прызнаныя вінаватымі ў злачынствах, адхіленыя ад пасады па суду (на працягу 3 гадоў), асобы пад следствам і судом, неплацежаздольныя, тыя, што стаялі пад апекай (акрамя малалетніх гэта глуханямыя, вар’яты і прызнаныя марнатраўцамі), пазбаўленыя духоўнага сана за заганы, выключаныя з саслоўных арганізацый па іх прысудах, а таксама губернатары, віцэ-губернатары, градоначальнікі і іх памочнікі (на даручаных ім тэрыторыях) і паліцэйскія (якія працавалі ў выбарчай акрузе). У цэнзавых курыях (землеўладальніцкай і гарадскіх) жанчыны, якія асабіста валодалі цэнзавай маёмасцю, маглі перадаць права ўдзелу ў выбарах мужам або сынам.

Вынікам заблытанага выбарчага заканадаўства было непрапарцыйнае прадстаўніцтва. Складаныя правілы выбараў, якія дзялілі насельніцтва паводле маёмаснага, рэлігійнага і нацыянальнага крытэрыяў у розных мясцовасцях, не дазваляюць матэматычна дакладна вызначыць долю прадстаўніцтва розных сацыяльных слаёў у Думе, аднак у цэлым можна сцвярджаць, што: