Арты́кул (ад  — раздзел) — невялікі (бывае і значны па памеры) навуковы, публіцыстычны або літаратурна-крытычны твор у газеце, часопісе, зборніку, кнізе. У ім ставіцца пэўная праблема, разглядаецца актуальная грамадска-сацыяльная, палітычная, эканамічная ці іншая сітуацыя, аналізуецца пэўная мастацкая з'ява і г.д. Характарызуецца надзённасцю гучання і аператыўнасцю.

Віды артыкулаў У адпаведнасці са зместам вылучаюць наступныя віды артыкулаў: Праблемныя — уздымаюць важныя пытанні грамадскага і культурнага жыцця. Аналітычныя — асэнсоўваюць дзейнасць дзяржаўных інстытутаў, тэндэнцыі ў развіцці мастацтва, творчасць асобных аўтараў. Дыскусійныя — выяўляюць розныя погляды ў ацэнцы з'яў рэчаіснасці, грамадскага жыцця, твораў мастацтва. Аглядныя — аналізуюць творы пэўнай тэматыкі ці праблематыкі, знаёмяць з новымі мастацкімі з'явамі, якія з'явіліся за пэўны прамежак часу.

Стылістычныя асаблівасці Прыналежнасць да розных відаў літаратуры абумоўлівае асаблівасці формы выказвання і мовы артыкула. Навуковы артыкул вызначаецца строгай лагічнасцю ў выкладзе думкі, аргументаванасцю назіранняў і вывадаў, аб'ектыўнасцю аўтарскай пазіцыі, выкарыстаннем прафесійнай лексікі і тэрміналогіі. Крытычны артыкул прадугледжвае аналіз зместу і формы твора, ацэнку яго ідэйна-мастацкіх вартасцей, ужыванне агульнавядомых тэрмінаў. Публіцыстычны артыкул адрозніваецца зваротам да актуальных праблем рэчаіснасці, пэўнай аўтарскай суб'ектыўнасцю, выбарам больш жывой і вобразнай мовы.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Публіцыстыка Катэгорыя:Літаратурныя жанры Катэгорыя:Навуковыя публікацыі Катэгорыя:Жанры журналістыкі