Друка́рскі шрыфт — камплект друкавальных літар, неабходных для ўзнаўлення пэўнага алфавіту, лічбаў і знакаў. Выкарыстоўваецца ў наборнай вьггворчасці. Галоўныя патрабаванні да шрыфту — зручнасць чытання і прастата распазнавання адметных асаблівасцей знакаў.
Класіфікацыя Шрыфты адрозніваюць паводле абрысу літар, іх шырыні, насычанасці, рысунка (гарнітура) і памераў (кегль).
Паводле абрысу Па насычанасці шрыфты бываюць светлыя (унутрылітарны прасвет у 2-4 разы большы за таўшчыню асноўнага штрыха), паўтлустыя (прасвет роўны або шырэйшы за асноўны штрых) і тлустыя (прасвет вузейшы за таўшчыню асноўнага штрыха). Па нахіле шрыфты падзяляюцца на прамыя і курсіўныя (нахільныя), якія імітуюць рукапісны тэкст. Па памерах (прапорцыях) знакаў шрыфты падзяляюцца на нармальныя (адносіны шырыні да вышыні прыкладна 3:4), вузкія (1:2), звышвузкія (1:3), шырокія (1:1) і звышшырокія (шырыня перавышае вышыню).
Паводле прызначэння Тэкставы — для набору асноўных тэкстаў (кегль ад 5 да 12 пунктаў). Выдзяляльны — для акцэнтаў у тэксце (нахільны, курсіўны, паўтлусты, тлусты; кегль ад 5 да 12 пунктаў). Тытульны — для набору загалоўкаў, тытульных лістоў, вокладак (кегль ад 16 да 48 пунктаў). Акцыдэнтны — для набору малых друкарскіх форм (атэстатаў, дыпломаў, бланкаў). Афішна-плакатны — кегль звыш 48 пунктаў.
Паводле віду выдання У залежнасці ад віду выданняў шрыфты падзяляюцца на газетныя, кніжныя, картаграфічныя і спецыяльнага прызначэння.
Паводле тэхналогіі Наборны шрыфт падзяляецца на: Металічны — літары або радкі тэксту адліты са спецыяльнага сплаву (гарт); бывае літара- ці радковаадліўны. Неметалічны — фотанаборны (у выглядзе негатыўных або пазітыўных выяў) і дыгітальны (запісаны ў памяці ЭВМ у выглядзе лічбавых даных).
У Беларусі На Беларусі шрыфты падзяляюцца паводле галоўных графічных адзнак (кантрастнасці, наяўнасці і формах засечак) на 6 асноўных і 1 дадатковую групу, а ўнутры кожнай групы — на аднолькавыя па характары рысунка гарнітуры (напрыклад, літаратурную, акадэмічную).
Гісторыя Першыя друкарскія шрыфты былі створаны на аснове рукапісных. Так, славяна-рускі шрыфт быў распрацаваны на аснове паўустава. Сучасныя руская, беларуская і ўкраінская алфавітныя сістэмы сфарміраваліся на аснове грамадзянскага шрыфту, уведзенага ў Расіі ў 1708 годзе. У падрыхтоўцы яго ўзораў прымаў удзел беларускі асветнік І. Ф. Капіевіч.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Паліграфія Катэгорыя:Тыпаграфіка Катэгорыя:Шрыфты Катэгорыя:Кнігадрукаванне