«Wiadomości Brukowe» (, або ) — польскамоўны сатырычны штотыднёвік, які выдаваўся ў 1816—1822 гадах у Вільні. З 1817 года з’яўляўся органам маладзёжнага літаратурна-грамадскага таварыства шубраўцаў (гультаёў).

Тэматыка і змест Асноўнай задачай выдання было пашырэнне ідэй і традыцый Асветніцтва, у прыватнасці, прынцыпу сацыяльнай роўнасці. Матэрыялы, што змяшчаліся на старонках часопіса, раскрывалі пачварнасць прыгонніцтва, высмейвалі цемрашальства, разумовую абмежаванасць, душэўную пустату, п’янства, напышлівую «еўрапейскасць» (франкаманію) мясцовых абывацеляў, суцяжніцтва і фанабэрыстасць шляхціцаў і магнатаў.

Аўтары штотыднёвіка патрабавалі роўнасці ў грамадскіх стасунках, але пры гэтым з асветніцкіх пазіцый нецярпіма ставіліся да народных звычаяў, лічачы іх заганамі. Акрамя таго, лібералізм шубраўцаў сумяшчаўся з выразным антысемітызмам.

Гісторыя Часопіс быў закрыты расійскай цэнзурай у 1822 годзе. У 1830 годзе была зроблена спроба працягнуць яго традыцыі пад новай назвай «Bałamut», які выдаваўся ў Пецярбургу і праіснаваў да 1836 года.

Існаванне «Вулічных весцяў» спрыяла развіццю традыцыі маладзёжнага свабодамыслення, якая пазней адбілася ў сучасных недзяржаўных студэнцкіх выданнях Беларусі.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі «Wiadomości Brukowe» ў Wielkopolska Biblioteka Cyfrowa

Катэгорыя:Часопісы Вільні на польская мове Катэгорыя:Сатырычныя часопісы Катэгорыя:1816 год у Вільні Катэгорыя:Шубраўцы