Казімі́р Страві́нскі (; ? — паміж 6 і 15 кастрычніка 1656) — ураднік і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Падкаморы старадубскі (з 1651), канюшы троцкі (1637—1651), падваявода віцебскі (1650).
Біяграфія Паходзіў са шляхецкага роду Стравінскіх герба «Суліма».
Сям'я Бацька — Крыштаф Стравінскі (? — 1624), займаў пасады троцкага земскага падсудка (1617—1623) і суддзі (1623—1624). Маці — Ева з Раецкіх.
Меў братоў: Караль (? — 1648), падкаморы старадубскі; Збігнеў, суддзя земскі старадубскі (1648—1655); Максімілян, стольнік старадубскі (1648—1671); Траян, суддзя гродскі ашмянскі (1649—1651), падсудак ашмянскі (1651—1667); Аляксандр.
Дзяржаўная і ваенная дзейнасць У маладосці ўдзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй у 1625—1629 гадах і вайне з Маскоўскай дзяржавай 1632—1634 гадоў. У 1648 годзе ўдзельнічаў у элекцыі караля Яна ІІ Казіміра.
Займаў шэраг пасад: канюшы троцкі (1637—1651), падваявода віцебскі (1650), падкаморы старадубскі (з 1651). Двойчы быў дэпутатам Трыбунала ВКЛ — у 1637 і 1645 гадах.
З пачаткам вайны 1654—1667 гадоў быў абраны шляхтай Віцебскага ваяводства адным з рэгіментараў. З'яўляўся адным з камандзіраў абароны Віцебска ад маскоўскіх войскаў, якая доўжылася з 24 жніўня па 2 снежня 1654 года.
Пасля капітуляцыі горада быў сасланы ў Яраслаўль, пазней у Казань, а потым у Свіяжск. Памёр у выгнанні паміж 6 і 15 кастрычніка 1656 года. Пахаваны ў Свіяжску.
Уладанні Валодаў маёнткамі Якаўлевічы і Шаховічы ў Старадубскім павеце, Мошкава ў Віцебскім ваяводстве, а таксама ўладаннямі ў Троцкім ваяводстве.
24 красавіка 1636 года атрымаў каралеўскі кансенс (згоду) на перадачу вёскі Шаховічы ў Старадубскім павеце Яну Солтану, суддзі земскаму рэчыцкаму і старасце прапойскаму.
Сям'я Быў жанаты тройчы: Лукрэцыя з Канарскіх. Аляксандра з Прыбароўскіх (? — 1655/1656), памерла ў выгнанні. Феліцыяна з Горскіх (? — каля 1656), першым мужам якой быў Крыштаф Асіпоўскі, ротмістр віцебскі. Першы муж Феліцыяны памёр у палоне. Праз паўтара года шляхцянка са згоды сяброў выйшла другі раз замуж за Стравінскага. Ён таксама ў хуткім часе памёр, пакінуўшы яе цяжарнай (1656).
Крыніцы
Літаратура Haratym Andrzej. Strawiński Kazimierz // Polski Słownik Biograficzny. — 2007. — Zeszyt 181 (T. 44/2). — S. 284—285. Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom II. Województwo trockie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. — Warszawa: DiG, 2009. — 687 s. Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom IV. Ziemia smoleńska i województwo smoleńskie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. — Warszawa: DiG, 2003. — 412 s.
Катэгорыя:Дзяржаўныя дзеячы Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Канюшыя троцкія Катэгорыя:Падваяводы віцебскія Катэгорыя:Стравінскія Катэгорыя:Памерлі ў 1656 годзе Катэгорыя:Удзельнікі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Катэгорыя:Удзельнікі вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600—1629) Катэгорыя:Удзельнікі Смаленскай вайны