Парк імя 40-годдзя Вялікага Кастрычніка — парк у Ленінскім раёне горада Мінска, абмежаваны вуліцамі Чырвонаармейскай, Ульянаўскай, Леніна і Смаленскай. Знаходзіцца на берагах Свіслачы, праз якую можна перайсці на пешаходным мосце.

Гісторыя

На тэрыторыі парка з X веку існавала старажытнае паганскае капішча. Культавы валун «Дзед», які знаходзіўся на капішчы, быў перанесены ў Музей валуноў у пачатку 1980-х.

Першымі пабудовамі каля сучаснай тэрыторыі парка лічацца казармы мінскага гарнізона — «кашары», па якіх і называлася гэтая мясцовасць доўгі час.

У 1925 годзе ў Кашарскім прадмесці адкрыўся іпадром імя Будзённага. На тэрыторыі іпадрома 16 ліпеня 1944 года адбыўся партызанскі парад, а 30 студзеня 1946 года — пакаранне смерцю асуджаных у Мінску нацысцкіх ваенных злачынцаў. Паступова пасля вайны іпадром прыходзіў у заняпад, парк на яго месцы быў створаны ў 1957 годзе.

У 2012 годзе на тэрыторыі парка пачалося будаўніцтва гасцініцы «Пекін», што прывяло да пратэстаў мясцовых жыхароў, якія патрабавалі спыніць высечку дрэў. Грамадскае аб’яднанне «Экадом» падавала іск супраць адміністрацыі Ленінскага раёна, каб спыніць высечку і будаўніцтва, аднак безвынікова. Будаўніцтва гасцініцы было завершана ў 2014 годзе.

Крыніцы

Катэгорыя:Паркі Мінска Катэгорыя:Чырвонаармейская вуліца (Мінск) Катэгорыя:Ульянаўская вуліца (Мінск) Катэгорыя:Вуліца Леніна (Мінск) Катэгорыя:Смаленская вуліца (Мінск) Катэгорыя:З’явіліся ў 1957 годзе Катэгорыя:1957 год у Мінску