Мікала́й Іва́навіч Макарэ́ўскі (; нар. 1879, Бельскі павет, Смаленская губерня, Расійская імперыя — ?) — расійскі і беларускі метэаролаг, фізік і педагог. Кандыдат матэматычных навук, кандыдат сельскагаспадарчых навук. Другі кіраўнік Метэаралагічнага бюро Наркамзема БССР (1925—1927).
Біяграфія Нарадзіўся ў 1879 годзе ў Бельскім павеце Смаленскай губерні ў сям’і святара. У 1901 годзе скончыў Смаленскую духоўную семінарыю.
Вышэйшую адукацыю атрымаў у Юр’еўскім (Тартускім) універсітэце, які паспяхова скончыў са ступенню кандыдата матэматычных навук. Падчас навучання прайшоў Педагагічныя курсы. Быў вучнем вядомага расійскага метэаролага Барыса Сразнеўскага, пад кіраўніцтвам якога практыкаваўся ў абсерваторыі.
Працаваў настаўнікам матэматыкі ў гімназіях Юр’ева і Рыгі. З канца 1917 года выкладаў у Віцебскім педагагічным інстытуце. У 1924 годзе быў пераведзены ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) на педагагічны факультэт. 15 жніўня 1924 года падаў прашэнне аб залічэнні на пасаду дацэнта кафедры метэаралогіі БДУ.
Адначасова з выкладчыцкай дзейнасцю працаваў у Метэаралагічным бюро пры Наркамземе БССР, куды быў залічаны ў 1924 годзе старэйшым вылічальнікам. Таксама загадваў метэастанцыяй пры Аб’яднанай беларускай ваеннай школе. Неаднаразова камандзіраваўся ў РСФСР для заключэння дагавораў аб метэасупрацоўніцтве і пастаўках прыбораў.
У маі 1925 года ўдзельнічаў у 3-м Усесаюзным метэаралагічным (1-м Геафізічным) з’ездзе ў Маскве, дзе выступіў з дакладам аб працы метэаслужбы БССР. З сярэдзіны 1925 года, пасля адмовы прафесара М. П. Мышкіна ад пасады, узначаліў Метэаралагічнае бюро Наркамзема БССР. Прыцягваў да метэаназіранняў краязнаўцаў, публікаваў «Бюлетэні надвор’я» ў часопісе «Наш край». Удзельнічаў у Першым (1926) і Другім (1927) краязнаўчых з’ездах БССР.
У 1927 годзе, пасля рэарганізацыі Метэабюро ў аддзел сеткі станцый Беларускай геафізічнай службы (Белгеафіз) пры НДІ сельскай і лясной гаспадаркі, застаўся яго кіраўніком. Аднак пазней, ва ўмовах палітычнага ціску і рэпрэсій супраць кіраўніцтва беларускай метэаслужбы (у прыватнасці, А. І. Кайгародава), быў вымушаны пакінуць БССР.
Пераехаў у Ленінград, дзе працаваў навуковым супрацоўнікам у Ленінградскім аграфізічным інстытуце. Першым адкрыў уласцівасць чорнай плёнкі абараняць глебу ад сонечнай радыяцыі і прапанаваў выкарыстоўваць яе для мульчыравання ў сельскай гаспадарцы.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны заставаўся ў блакадным Ленінградзе, удзельнічаў у абарончых мерапрыемствах. 22 лістапада 1943 года быў узнагароджаны медалём «За абарону Ленінграда». На той момант ён з’яўляўся кандыдатам сельскагаспадарчых навук і дацэнтам Вышэйшых курсаў прыкладной заалогіі і фітапаталогіі Пушкінскага сельскагаспадарчага інстытута.
Далейшы лёс невядомы.
Навуковая дзейнасць Займаўся пытаннямі арганізацыі метэаралагічнай сеткі ў Беларусі, вывучэннем клімату рэспублікі, аграфізікай. З’яўляецца аўтарам шэрагу артыкулаў па метэаралогіі і кліматалогіі ў беларускіх перыядычных выданнях 1920-х гадоў.
Выбраныя працы Макарэўскі, М. І. Бюлетэнь надвор’я за верасень 1925 года // Наш край. — 1925. — № 3. Макарэўскі, М. І. Вывучэнне клімату БССР // Працы Другога Усебеларускага краязнаўчага з’езду (10-13 лютага 1927 г.). — Мінск, 1927. Макарэўскі, М. Беларуская геафізічная служба // Беларускі навукова-даследчы інстытут Сельскай і Лясной гаспадаркі імя У. І. Леніна. Другі год працы. — Мінск, 1928. — С. 155—158.
Узнагароды Медаль «За абарону Ленінграда» (1943).
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Метэаролагі СССР Катэгорыя:Фізікі СССР Катэгорыя:Выкладчыкі педагагічнага факультэта БДУ Катэгорыя:Метэаролагі Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1879 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Смаленскай губерні Катэгорыя:Узнагароджаныя медалём «За абарону Ленінграда»