«Партрэ́т старо́й» (у нямецкіх архівах таксама фігуруе як «Партрэт старой жанчыны з сабакам») — карціна невядомага мастака, створаная ў першай палове XIX стагоддзя. Твор паходзіць з даваенных збораў Беларускага дзяржаўнага гістарычнага музея ў Мінску, быў вывезены ў Германію падчас Вялікай Айчыннай вайны і цяпер знаходзіцца ў фондах Дзяржаўнага музейна-выставачнага цэнтра «РОСИЗО» ў Маскве ( КП-9959, АФЖ-370).
Апісанне На партрэце адлюстравана пажылая жанчына, апранутая ў сінюю сукенку, якая ўпрыгожана белымі карункамі на манжэце і каўняры. На шыі жанчыны завязана сіняя стужка. Галаўны ўбор уяўляе сабой белы чапец з карункавымі краямі і нашытымі тонкімі сінімі стужкамі. На плечы накінута светла-карычневая хуста з доўгімі махрамі, аздобленая кветкавымі матывамі. Жанчына стаіць каля стала, на якім сядзіць белы сабачка. Сваёй левай рукой старая прытрымлівае хусту, а правую паклала на сабаку.
Гісторыя Дакладнае дамузейнае паходжанне і дата паступлення карціны не ўстаноўлены. Імаверна, палатно з’яўляецца адным з тых твораў, якія засталіся ад збораў Мінскага абласнога музея, адкрытага 20 студзеня 1919 года. У Беларускі дзяржаўны музей карціна паступіла каля 1920 года і мела інвентарныя нумары І-214 і 1693. Падчас пераінвентарызацыі 1934 года яна атрымала нумар 2270. Пасля адкрыцця Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР твор быў перададзены ў яе зборыІнвентарная кніга Беларускага Дзяржаўнага гістарычнага музея г. Менска № 1 (інв. № 1-3058) // Архіў НГМ РБ. С. 159..
У перыяд акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі карціна была вывезена ў Германію. Доказам гэтага з’яўляецца рэстытуцыйная картка Мюнхенскага цэнтральнага зборнага пункта (МЦЗП), дзе твор атрымаў нумар 14542/96 і англамоўную назву «Portrait of an old woman with a dog». Перад адпраўкай у Берлін і перадачай савецкаму боку партрэт быў сфатаграфаваны (фотаздымак захаваўся ў архівах і пацвярджае ідэнтычнасць). Акрамя таго, у рэстытуцыйнай картцы былі зафіксаваны старыя даваенныя мінскія музейныя нумары, якія дазволілі даследчыкам апазнаць карціну.
Пасля вайны і вяртання ў СССР прадмет не трапіў назад у Беларусь з-за памылак пры размеркаванні вернутых каштоўнасцей. Ён быў перададзены ва Усесаюзны мастацка-вытворчы камбінат імя Вучэціча, створаны на аснове Дырэкцыі мастацкіх выставак і панарам у Маскве. У 1971 годзе карціна трапіла ў Архіў мастацкіх твораў горада Загорска (цяпер Сергіеў Пасад), а адтуль — у фонды Дзяржаўнага музейна-выставачнага цэнтра «РОСИЗО» (сучасныя ўліковыя нумары: КП-9959, АФЖ-370). Падчас рэстаўрацыі твор быў здубліраваны на новае палатно, і на яго адваротны бок перанеслі не ўсе ранейшыя пазначэнні з аўтарскага арыгінала.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Карціны паводле алфавіта Катэгорыя:Карціны XIX стагоддзя Катэгорыя:Карціны невядомых мастакоў Катэгорыя:Рабаванне культурнай спадчыны Беларусі ў час Другой сусветнай вайны Катэгорыя:Перамешчаныя культурныя каштоўнасці Беларусі