«Партрэ́т Іо́сіфа Е́льскага» — карціна, верагодна, створаная мастаком Ігнаціем Урублеўскім у 1880-я гады. Твор паходзіць з даваенных збораў Беларускага дзяржаўнага музея ў Мінску, быў вывезены ў Германію падчас Вялікай Айчыннай вайны і цяпер знаходзіцца ў фондах Дзяржаўнага музейна-выставачнага цэнтра «РОСИЗО» ў Маскве ( КП-9962, АФЖ-367).
Апісанне На партрэце адлюстраваны мужчына з коратка падстрыжанымі цёмнымі валасамі і вусамі. Ён апрануты ў рыцарскую кірасу з жоўтым крыжам пасярэдзіне, паверх якой накінута чырвоная дэлія, падбітая футрам, зашпіленая брошкай з каштоўным каменем. У левым верхнім куце размешчаны радавы герб роду Ельскіх «Пелеш» — пад каронай на чырвоным шчыце два перакрыжаваныя срэбныя мячы. Колер поля шчыта на партрэце выкананы залатым, хоць насамрэч ён мусіў бы быць чырвоным.
Гісторыя і атрыбуцыя На адвароце партрэта захавалася шмат інфармацыі — надпісы, даваенныя інвентарныя нумары Беларускага дзяржаўнага музея ( І-228 (1707), 2440) і папяровая наклейка. Амаль увесь адваротны бок палатна займае надпіс буйнымі літарамі па-польску: «Jozef Jelski // Starosta Mozyrski // Ojciec Wladyslawa // Wojewody Brzeskiego». Гістарычныя даныя сведчаць пра памылковасць надпісу: Іосіф Ельскі нарадзіўся каля 1650 года, займаў пасаду стольніка мазырскага, а не старосты, і ўзяў шлюб з Канстанцыяй Лазовай, ад якога нарадзіўся сын Уладзіслаў Войцех, які сапраўды быў старастам пінскімГістарычны партрэт Вялікага княства Літоўскага XVI—XVIII стагоддзяў. Каталог выставы (май 2002 — май 2003). — Мінск, 2003. С. 60-61..
Ніжэй асноўнага тэксту на адвароце чытаецца слова «kopja», якое азначае, што гэта капійны твор з арыгінальнага партрэта. У даваенных інвентарных кнігах Беларускага дзяржаўнага музея было занатавана пяць партрэтаў прадстаўнікоў сям’і ЕльскіхСініла, А. М. Партрэты Ельскіх і Манюшак са збору Беларускага дзяржаўнага музея, гісторыя паходжання і лёс // Acta Anniversaria: зборнік навуковых прац Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж». — 2018. — Т. 4. С. 192—202.. Аўтарам амаль усіх гэтых партрэтаў з’яўляецца мастак Ігнацій Урублеўскі (1858—1953) — старэйшы сын Яна Урублеўскага і Сафіі з Ельскіх, дачкі Міхала Ельскага і Клацільды з Манюшак. Будучы сваяком Ельскіх, Ігнацій Урублеўскі ствараў і капіраваў іх партрэты для папаўнення сямейнай галерэі да 1930-х гадоўСініла, А. М. Партрэты Ельскіх і Манюшак са збораў Беларускага дзяржаўнага музея: гісторыя паходжання і далейшы лёс // Беларускі гістарычны часопіс. — 2019. — № 8. С. 28.. Партрэт Іосіфа Ельскага па манеры выканання вельмі падобны да партрэта Станіслава Ельскага аўтарства Ігнація Урублеўскага, створанага ў 1889 годзе. У зборы мінскага музея твор паступіў з аднаго з маёнткаў Ельскіх на Міншчыне.
У перыяд акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі карціна была вывезена ў Германію. Пасля вайны і вяртання ў СССР (праз Мюнхенскі цэнтральны зборны пункт) прадмет не трапіў назад у Беларусь з-за памылак пры размеркаванні. Ён быў перададзены ва Усесаюзны мастацка-вытворчы камбінат імя Вучэціча, створаны на аснове Дырэкцыі мастацкіх выставак і панарам у Маскве. У 1971 годзе карціна трапіла ў Архіў мастацкіх твораў горада Загорска (цяпер Сергіеў Пасад), а адтуль — у фонды «РОСИЗО». У Дзяржаўным каталогу Расійскай Федэрацыі твор памылкова запісаны як «Портрет Бельского И.».
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Карціны паводле алфавіта Катэгорыя:Карціны 1880-х гадоў Катэгорыя:Партрэты Катэгорыя:Рабаванне культурнай спадчыны Беларусі ў час Другой сусветнай вайны Катэгорыя:Перамешчаныя культурныя каштоўнасці Беларусі Катэгорыя:Ельскія