«Партрэ́т Алякса́ндра Пятро́віча Э́нгельгарта» — карціна мастака Баляслава Вацлавіча Жаброўскага, створаная ў 1889 годзе. Твор паходзіць з даваенных збораў Беларускага дзяржаўнага музея ў Мінску, быў вывезены ў Германію падчас Вялікай Айчыннай вайны і цяпер знаходзіцца ў фондах Дзяржаўнага музейна-выставачнага цэнтра «РОСИЗО» ў Маскве ( КП-9961, АФЖ-368).
Гісторыя і атрыбуцыя Доўгі час партрэт лічыўся выявай невядомага генерала. Асобу на партрэце вызначыла расійская даследчыца Дар'я Шчарбакова, якая рэстаўравала гэты твор у 2013 годзе. Яна ўстанавіла, што невядомы — гэта дзяржаўны дзеяч Аляксандр Пятровіч Энгельгарт (1836—1907). Таксама даследчыца высветліла поўнае імя мастака — Баляслаў Вацлавіч Жаброўскі. Гісторык Аляксандр Віктаравіч Кібоўскі таксама незалежна вызначыў імя невядомага генерала ў сваім даведнікуКибовский А. В. 500 неизвестных. / А.В. Кибовский ; ред.: С. А. Попов. – Издательство: Фонд «Русские витязи», 2019. С. 406–407..
Партрэт паступіў у Беларускі дзяржаўны музей у 1924 годзе з музея ў Мсціславе, куды ён першапачаткова трапіў разам з іншымі творамі з маёнтка Пячорская Буда Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні, які належаў роду ЭнгельгартаўСинило, А. Н. Портреты семейной галереи Энгельгардтов из имения Печерская Буда. История и атрибуция // Экспертиза и атрибуция произведений изобразительного и декоративно-прикладного искусства: материалы XIX научной конференции 26–28 ноября 2014 г. – М.: Объединение Магнум Арс, 2015. С. 226—227..
У перыяд акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі карціна была вывезена ў Германію. У Мюнхенскім цэнтральным зборным пункце (МЦЗП) партрэт атрымаў нумар 14542/153. Акрамя таго, у рэстытуцыйнай картцы былі пазначаны даваенны інвентарны і вывазны нумары чырвоным алоўкам, якія захоўваліся на адваротным баку партрэта да рэстаўрацыі. Пасля вайны і вяртання ў СССР прадмет не трапіў назад у Беларусь з-за памылак пры размеркаванні. Ён быў перададзены ва Усесаюзны мастацка-вытворчы камбінат імя Вучэціча, а ў 1971 годзе трапіў у Архіў мастацкіх твораў горада Загорска (цяпер Сергіеў Пасад), адкуль пазней — у фонды «РОСИЗО».
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Карціны паводле алфавіта Катэгорыя:Карціны 1889 года Катэгорыя:Партрэты Катэгорыя:Рабаванне культурнай спадчыны Беларусі ў час Другой сусветнай вайны Катэгорыя:Перамешчаныя культурныя каштоўнасці Беларусі