Но́ніус (таксама вернье́р) — дапаможная шкала, па якой адлічваюць долі дзяленняў асноўнай шкалы вымяральнай прылады. Выкарыстоўваецца ў штангенінструментах, оптыка-механічных і іншых сродках вымярэння.

Назва Назва «ноніус» паходзіць ад прозвішча партугальскага матэматыка і касмографа Педру Нуніша, лацінізаваная форма якога пішацца як Nonius. У 1542 годзе Нуніш прапанаваў дапаможную сістэму дзяленняў для больш дакладных вымярэнняў на астралябіі — прататып сучаснага прыбора. Гэтую сістэму ўдасканаліў французскі матэматык П'ер Вернье, які ў 1631 годзе стварыў канструкцыю з дзвюма шкаламі — нерухомай і рухомай, — таму ноніус часта называюць таксама верньерам.

Віды Паводле будовы і прызначэння адрозніваюць лінейныя, вугламерныя, спіральныя, трансверсальныя і іншыя віды ноніусаў. Лінейныя ноніусы выкарыстоўваюцца, напрыклад, у штангенінструментах, а вугламерныя — у прыборах для больш дакладнага адліку вуглоў.

Будова і прынцып дзеяння

Ноніус працуе разам з асноўнай шкалой. Спачатку па асноўнай шкале вызначаюць цэлы лік дзяленняў, а потым знаходзяць той штрых ноніуса, які найбольш дакладна супадае з адным са штрыхоў асноўнай шкалы. Нумар гэтага штрыха дае дробавую частку велічыні.

У штангенцыркулі ШЦ-I адлік вядуць па дзвюх шкалах: міліметровай шкале на штанзе і шкале ноніуса, нанесенай на рухомую рамку. Уся даўжыня шкалы ноніуса 19 у міліметраў падзелена на 10 частак, таму цана аднаго дзялення складае 1,9 мм. Калі губкі штангенцыркуля цалкам самкнуты, першы штрых ноніуса не даходзіць да другога штрыха асноўнай шкалы на 0,1 мм; гэта дазваляе праводзіць вымярэнні з дакладнасцю да адной дзясятай міліметра.

Пры зняцці паказанняў цэлы лік міліметраў адлічваюць ад нуля асноўнай шкалы да нуля ноніуса. Дробавую частку знаходзяць па штрыху ноніуса, які супаў са штрыхом асноўнай шкалы: напрыклад, супадзенне шостага штрыха дае дадатак 0,6 мм.

Гл. таксама

Шкала Штангенцыркуль Вымярэнне Астралябія

Зноскі

Літаратура

Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца: вучэбны дапаможнік для 7-га класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання / С. Я. Астрэйка [і інш.]; пад рэд. С. Я. Астрэйкі. — Мінск : Нацыянальны інстытут адукацыі, 2012. — С. 48—52. Булыка А. М. Слоўнік іншамоўных слоў. — Мінск, 1999.

Катэгорыя:Метралогія Катэгорыя:Вымяральныя прыборы