Сільвестр Бельскі (; ) — беларускі рэлігійны дзеяч, іераманах грэка-ўніяцкай царквы, асветнік і педагог. . Прафесар усеагульнай гісторыі. Эканом Жыровіцкага грэка-ўніяцкага духоўнага вучылішча. Стваральнік і наглядчык .

Біяграфія Бельскі Сільвестр, сын Яна, нарадзіўся ў 1796 годзе ў Мінскім павеце Мінскай губерні ў шляхецкай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Лядзенскай базыльянскай школе (цяпер Смалявіцкі раён). З 1809 года навучаўся арыфметыцы і геаграфіі ў Тараканскім грэка-каталіцкім (уніяцкім) манастыры (цяпер вёска Імянін Драгічынскага раёна). У 1814 годзе пастрыжаны ў манахі. У 1816—1818 гг. вывучаў рыторыку і матэматыку ў Жыровіцкім базыльянскім манастыры.

Скончыў фізіка-матэматычны факультэт (1821) і адначасова навучаўся на факультэце літаратуры і вольных мастацтваў Віленскага ўніверсітэта , атрымаў ступень кандыдата філасофіі. У 1820 годзе рукапаложаны ў іераманахі. З 1821 па 1824 год працаваў настаўнікам, затым быў прэфектам Жыровіцкага павятовага вучылішча. У 1824—1828 гг. — настаўнік фізікі і прапаведнік у Жыровічах. Паводле візітацыі 1823 года ў Жыровіцкі манастыр, «настаўнікам арыфметыкі, геаграфіі, маральных навук і рэлігіі ў двух малодшых класах… быў айцец Сільвестр Бельскі, якому тады было 28 гадоў… Крыніцы за 1826 год сведчаць, што ён і надалей займаў гэтыя пасады». Імя Сільвестра Бельскага фігуруе ў апошнім складзе выкладчыкаў грэка-ўніяцкай (базыльянскай) гімназіі ў Жыровічах, якая існавала ў перыяд кіравання літоўскага правінцыяла Цэзары Каменскага.

У 1828—1830 гадах — вікарый Лешчанскага базыльянскага манастыра (каля Пінска). У 1830—1832 гадах быў наглядчыкам Барунскага павятовага вучылішча і прафесарам усеагульнай гісторыі. З 1832 года — эканом Літоўскай грэка-ўніяцкай духоўнай семінарыі ў Жыровічах. 7 чэрвеня 1833 года Грэка-ўніяцкай духоўнай калегіяй прызначаны наглядчыкам на Валыні, заснаванага ініцыятывай епіскапа Іосіфа Сямашкі для навучання дзяцей уніяцкага духавенства і падпарадкаванага Літоўскай грэка-ўніяцкай епархіі.

У жніўні 1839 года іераманах Бельскі падаў прашэнне аб вызваленні ад манаства і пераходзе ў свецкае званне. Знаходзіўся шэсць месяцаў у Быценскім манастыры, пасля быў сасланы ў Курскі манастыр. У запісе ад 2 студзеня 1841 года мітрапаліт Іосіф (Сямашка) паведамляў: «Іераманахі даверанай майму кіраванню Літоўскай епархіі — Сільвестр Бельскі, Ваніфацый Тарасевіч, Іаан Овельт, Антоній Валансевіч і Фабіян Мажальскі — звярнуліся да мяне з прашэннямі аб вызваленні іх з манаства і пераводзе ў свецкае саслоўе. …усе яны, за выключэннем Бельскага, пагадзіліся далучыцца да Праваслаўнай Царквы менавіта пры той умове, што будуць вызвалены ад манаства». У 1841 годзе Сільвестр Бельскі пакінуў духоўны сан і перайшоў у свецкае званне.

У 1845 годзе атрымаў асабістае ганаровае грамадзянства. Удзельнік падзей 1863 года ў Польшчы, Літве і Беларусі.

Асветніцкая дзейнасць і погляды Іераманах Сільвестр Бельскі свядома абраў манаскі шлях служэння Богу. У 18-гадовым узросце ўступіў у Ордэн святога Васіля (Базыля) Вялікага (базыльянскі ордэн). На працягу многіх гадоў займаўся педагагічнай дзейнасцю. Належаў да ўніяцкага духавенства, якое спалучала тэалагічную і свецкую адукацыю. Выкладанне ім дакладных навук сведчыць пра мадэрнізацыйныя тэндэнцыі ў базыльянскай школьнай практыцы першай паловы XIX стагоддзя.

Значную ўвагу надаваў пытанням асветы і выхавання на роднай мове. Улічваючы пажаданні бацькоў навучэнцаў, у рапарце ад 22 верасня 1833 года ён як кіраўнік Мілецкага духоўнага вучылішча звярнуўся да Праўлення Літоўскай грэка-ўніяцкай духоўнай семінарыі з просьбай дазволіць навучанне дзяцей на «зразумелай для іх … айчыннай мове польскай» і забяспечыць вучылішча неабходнымі падручнікамі на гэтай мове. Аднак кіраўніцтва семінарыі адмовіла, матывуючы гэта тым, што «няма ніякай патрэбы ўводзіць новы прадмет выкладання».

Жыццёвы лёс Сільвестра Бельскага ў многім характэрны для базыльянскага манаства ў перыяд ліквідацыі царкоўнай ўніі. Спачатку ён, як і большасць духавенства Літоўскай епархіі, далучыўся да Праваслаўнай Царквы, пра што сведчыць «Спіс службовых асоб Літоўскай грэка-ўніяцкай епархіі, якія ўласнаручнымі падпіскамі абавязаліся далучыцца да Праваслаўнай Грэка-Расійскай Царквы» (руск.: «Список должностным лицам Литовской Греко-Униатской епархии, обязавшимся собственноручными подписками присоединиться к Православной Греко-Российской Церкви»), які змешчаны ў другім томе «Запісак Іосіфа, мітрапаліта Літоўскага» (1883).

Аднак пазней Сільвестр Бельскі змяніў сваю пазіцыю. Застаючыся верным рэлігійнай традыцыі, у якой быў выхаваны, ён разам з іншымі чатырма іераманахамі-базыльянамі звярнуўся з просьбай аб звальненні з манаскага стану і пераводзе ў свецкае званне. Гэтае рашэнне засведчана ў афіцыйным звароце мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) у Свяцейшы Сінод, дзе ён хадайнічаў аб вызваленні Сільвестра Бельскага і яшчэ некалькіх клірыкаў ад манаскіх абавязкаў з наданнем ім права самастойна выбраць месца жыхарства. Асабісты выбар Сільвестра Бельскага ва ўмовах складаных царкоўна-рэлігійных і грамадскіх перамен сведчыць пра яго імкненне дзейнічаць у адпаведнасці з уласнымі поглядамі і перакананнямі.

Цікавыя факты У Віленскім універсітэце Сільвестр Бельскі вучыўся ў адзін час з Адамам Міцкевічам, Тамашом Занам, Ігнатам Дамейкам і іншымі філаматамі.

Сільвестр Бельскі — дзед прафесара педагогікі Фамы Бельскага, добра знаёмага з ідэйна-асветніцкай дзейнасцю філаматаў. Фама Антонавіч здолеў захаваць томікі паэтычнай спадчыны Адама Міцкевіча як у сталінскія 1930-я гады, так і падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі ад нямецкай бомбы згарэў яго дом і амаль цалкам быў знішчаны кніжны збор.

Сільвестр Бельскі даводзіцца прадзедам доктару філалагічных навук, прафесару Георгію Яталю, а таксама прафесару і пісьменніку Алесю Бельскаму.

Крыніцы

Літаратура

Климов, С. М. Базилиане: [история ордена св. Василия Великого (базилиан)]. Могилев, 2011. 147 с. Лаўрэш, Л. Стойкасць у веры, мужнасць у выпрабаваннях: жыццё і ўспаміны беларускіх уніятаў у часы ліквідацыі уніі; пад рэд. С. В. Марозавай. Полацк, 2025. 326 с. Лісейчыкаў, Д. В. Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720—1839 гг. Мн., 2011. 198 с. Лыч, Л. Уніяцкая царква Беларусі: этнакультурны аспект. 2-е выд. Мн., 2011. 128 с. Марозава, С. В. «Сваёй веры ламаць не будзем…»: супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780—1839 гг.). Гродна, 2014. 217 с. Марозава, С. В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596—1839 гады) / пад навук. рэд. У. М. Конана. Гродна, 2001. 352 с. Падокшын, С. А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (філасофска-гістарычны аналіз). Мн., 1998. 111 с.