Дарэктар, на захадзе Беларусі і ў Літве (літ. daraktorius) ў другой палове XIX — на пачатку XX стагоддзяў — нефармальны (і па сутнасці, нелегальны, хаця гэта не заўжды ўсведамлялася) вясковы настаўнік, праз якіх атрымлівала элементарную хатнюю адукацыю значная колькасць сялянскіх дзяцей. Назва паходзіць ад скажонага слова “дырэктар” (якое ў гутаркавай мове вымаўлялася праз “а” і ў іншых значэннях слова), бо меркавалася, што такі настаўнік — своеасаблівы “дырэктар” падпольнай школы. Насамрэч, такая школа амаль ніколі не мела спецыяльнага памяшкання, дарэктар і вучні сустракаліся ў той ці іншай сялянскай гаспадарцы (звычайна раз ці некалькі на тыдзень). Дарэктар вучыў дзяцей чытаць і пісаць па-руску, па-польску, па-літоўску, асновам арыфметыкі, часта таксама пачаткам хрысціянскай веры. Найчасцей у ролі дарэктараў выступалі юнакі або падлеткі ці нават старэйшыя дзеці ад 8–10 гадоў, для якіх гэта была магчымасць дадатковага заробку (значная частка якога, або ўвесь, надаваліся ў натуральнай форме). Прычынаў, чаму сяляне аддавалі перавагу такой нефармальнай адукацыі перад урадавымі “народнымі вучылішчамі”, было некалькі:
- большая зручнасць і гнуткасць, бо фармальная адукацыя часта мела на ўвазе рэгулярныя далёкія пераезды вучняз або сталае пражыванне на кватэры ў вёсцы ці мястэчку, дзе мелася школа.
- свядомае пазбяганне афіцыйнай сістэмы адукацыі, ад якой чакалася індактрынацыя ў праваслаўна-шавіністычным духу - характэрная для многіх каталікоў, нават з неакрэсленай нацыянальнасй свядомасцю.
- свядомы нацыянальны выбар (у палякаў і літоўцаў). У гэтых выпадках і дарэктары, і бацькі іх вучняў былі больш ідэйна матываваныя, а сярод надаваных ведаў былі і звесткі па гісторыі і геаграфіі Літвы або Польшчы, актуальнай палітычнай сітуацыі. Часам такія навучальныя асяродкі сапраўды нагадвалі падпольныя школы, іх арганізацыяй і утрыманнем апекаваліся патрыятычныя шляхцічы-палякі або актывісты літоўскага нацыянальнага руху рознага сацыяльнага стану. Напрыклад у 1876 г. у Люцынцы паліцыя выкрыла нелегальную школу для дзяцей мясцовай шляхты, якую арганізаваў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Яна прышчапляла вучням польскія патрыятычныя каштоўнасці, і адзін з яе вучняў, Антон Лявіцкі, будучы пісьменнік Ядвігін Ш., толькі праз шмат гадоў даведаўся што яе арганізатар быў фактычна адзіным на той час класікам беларускай літаратуры. Адзін з герояў рамана Максіма Гарэцкага “Віленскія камунары” кажа: “Ён пачаў прасіць мяне, каб я паехаў у Брудзянішкі «дарэктарам» у падпольную польскую школку”.
“Дарэктарства” як з’ява пашырылася пасля 1864 г. у сувязі з супадзеннем шэрагу фактараў: асабістае вызваленне сялянаў і іх зацікаўленасць у даступнай і зручнай адукацыі; узмацненне нацыянальнага і рэлігійнага ўціску, у тым ліку забарона на літоўскі (і беларускі) друк лацінскім шрыфтам. У Літве дарэктары нярэдка выкарыстоўвалі ў навучанні кантрабандныя літоўскія выданні і самі былі іх распаўсюднікамі (Гл. Кніганошы).
З 1871 года царская адміністрацыя штрафавала дырэктараў і бацькоў іх вучняў штрафамі да 300 рублёў або арыштам да 3 месяцаў. Пасля расійскай рэвалюцыі 1905–1907 гадоў пакаранні былі фармальна адмененыя, але фактычна дарэктары і падпольныя школы пераследаваліся паліцыяй да Першай сусветнай вайныDaraktorius. Visuotinė lietuvių enciklopedija.
У беларускай літаратуры, асабліва 1920-1930-х гадоў, шмат згадак пра “дарэктараў”, бо з гэтай з’явай многія аўтары (Цішка Гартны, Лукаш Калюга, Максім Гарэцкі і інш.)дарэктар // Беларуска-расейскі слоўнік безэквівалентнай лексікі сутыкаліся асабіста. Асабліва яскравае апісанне ўласнага і братоў навучання ў дарэктара на рубяжы XIX — XX стагоддзяў дае Якуб Колас у паэме “Новая зямля” (раздзел 14 "Дарэктар")Якуб Колас “Новая зямля" . Для яго бацькі рашэнне запрасіць дарэктара тлумачылася эканамічнымі прычынамі:
Пара б і нашым за навуку...
Аддаць у школку іх — не ў руку:
Давай харчы, наймі кватэру...—
І бацька тут, як на паперу,
Стаў вылічаць расходы, страту
І кончыў тым: лепш к сабе ў хату —
Не трэба й кланяцца Яхіму —
Наняць дарэктара на зіму,
Ну хоць бы Яську Базылёва.
— Дамо рублёў тры і — гатова!
А хлопец спрытны да навукі.
— Ну, Яська — майстар на ўсе рукі:
Як да сярпа, так і да кнігі.
Зноскі
Катэгорыя:Літва XIX стагоддзя Катэгорыя:Артыкулы праекта Літвінскі лексікон Катэгорыя:Гісторыя адукацыі