Вінцэнт Карчэўскі (польск. Wincenty Karczewski, 1789, Гродзеншчына - 1832, Вільня) — астраном, матэматык і асветнік, прадстаўнік Віленскай астранамічнай школы.Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск, 1999. – Т. 8. – С. 111.Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. – Мінск, 1997. – Т. 4. – С. 130.Karczewski Wincenty // Polski Słownik Biograficzny, Wrocław 1966, t. XII, s. 41—42

Нарадзіўся на Гродзеншчыне, сын Станіслава, межавога суддзі Ашмянскага павета. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Барунскай базыльянскай школе. Вучыўся ў Віленскім універсітэце ў 1807—11 гг. як вучань Яна Снядэцкага і атрымаў у 1811 г. ступень магістра філасофіі. У тым жа годзе быў прыняты на працу ў Астранамічную абсерваторыю ў Вільні, дзе працаваў да 1818 г. як кандыдат (памочнік). З 1814 г. выконваў таксама абавязкі выкладчыка-намесніка прафесара і выкладаў пасля Цэзарыя Камінскага на працягу чатырох гадоў тэарэтычную і практычную астраномію ў Віленскім універсітэце. У 1818—21 гг. знаходзіўся ў Парыжы коштам брата Юзафа, вывучаў там астраномію пад кіраўніцтвам Д. Ф. Ж. Араго. У гэты час у зборы медалёў, прысвечаным памяці вялікіх людзей, быў выбіты медаль Каперніка, дзе ён быў пазначаны прусакам. Дзякуючы намаганням Карчэўскага і Адрыяна Кшыжаноўскага быў выбіты іншы медаль з надпісам «natus Torunii in Polonia» («народжаны ў Торуні, у Польшчы»). У абарону польскасці Каперніка Карчэўскі выдаў перадрук французскага перакладу разважання Снядэцкага пра Каперніка (Парыж, 1820) і распаўсюджваў яго ў Францыі, Бельгіі, Англіі і Швецыі.Piotrowski, Walerian. O uznanie polskiej narodowości Mikołaja Kopernikaа Kwartalnik Historii Nauki i Techniki, 1983, 28/1, 169-176

Пасля вяртання на працягу двух гадоў быў настаўнікам матэматыкі ў ваяводскай школе ў Кельцах. У 1823 г. па даручэнні біскупа П. Варонiча быў прызначаны ад’юнктам Кракаўскай абсерваторыі, а пасля адстаўкі Юзафа Ленскага з пасады дырэктара на працягу 19 месяцаў кіраваў Кракаўскай абсерваторыяй (студзень 1824 — жнівень 1825). Пасля таго як у 1825 г. кіраўніцтва пераняў Максіміліян Вэйсэ, у красавіку 1826 г. пакінуў пасаду ад’юнкта ў Кракаўскай абсерваторыі. У 1826 г. вярнуўся ў Вільню і пры пратэкцыі Мікалая Навасільцава быў прыняты ва універсітэт як памочнік астранома-назіральніка, якім тады быў Пётр Славінскі. Тым жа Навасільцавым быў звольнены ў 1831 г. Памёр у Вільні ў 1832 г.

У 1815 і 1816 гг. у «Dziennik Wileński» з’явіліся два папулярныя астранамічныя артыкулы Карчэўскага. Да часоў працы ў Кельцах адносяцца два падручнікі матэматыкі: «Пачаткі арыфметыкі» (Кельцы, 1822 г., паводле рэцэнзіі ў «Dziennik Warszawski» 1827 г., № 29, гэта нібыта мадыфікаваны пераклад французскага падручніка К. Безу, без згадкі пра гэта) і «Пачаткі геаметрыі» (Кельцы, 1823). Напісаў брашуру «Ілюстраваная гнаманіка» (Вільня, 1818, і Кракаў, 1825). Выдаў таксама кнігу «Аб каметах» (Вільня, 1826). З французскай мовы на польскую пераклаў і апублікаваў: «Аб карысці, якую вынікае для чалавечай супольнасці з навукі астраноміі» (урывак з твора Байі «Histoire de l'astronomie ancienne», Вільня, 1816), Лапласа «Гісторыя астраноміі» (1825), «Навука пра неба» (паводле сістэмы Ж. Мале, прафесара Ліёнскага універсітэта, Кракаў, 1824), «Астраномія ў 26 лекцыях, у якіх усе нябесныя з’явы без дапамогі матэматыкі выкладзены з 13-га англійскага і 2-га французскага выданняў» (Вільня, 1826, ч. I—II). Апрача таго, пакінуў у рукапісе пераклад «Фізічнай астраноміі» Ж. Б. Бія, а таксама некалькі французскіх раманаў. Добра маляваў і ўмеў уласнаручна ілюстраваць як свае працы, так і пераклады.

У публікацыях імкнуўся растлумачыць фізічную прыроду рэальных працэсаў: сонечных зацьменняў, рух планет, камет і астэроідаў; расказваў пра выкарыстанне матэматычных метадаў у астраноміі; шмат увагі надаваў практычнаму выкарыстанню дасягненняў навукі. Прыхільнік вучэння М. Каперніка, паслядоўнік М. Пачобута-Адляніцкага, вучань Я. Снядэцкага, прытрымліваўся матэрыялістычных поглядаў, лічыў, што розум чалавека здольны спасцігнуць усе таямніцы сусвету.

Навуковыя працы

„O plamach na słońcu” (Wilno, 1815) „O gwiazdach i konstelacjach i sposobie ich poznawania” (Wilno, 1816) „Gnomonika rysunkowa” (Wilno, 1818, другое выданне ў Kraków, 1825) „Początki arytmetyki” (Kielce, 1822) „Początki geometrii” (Kielce, 1823) „Nauka o niebie, czyli wiadomość fenomenów astronomicznych” (пераклад Малле, Kraków, 1824) „Historia astronomii” (пераклад Лапласа, Wilno, 1825) „Astronomia zawarta w 22 lekcjach” (пераклад з французскай мовы, Wilno, 1826) „O kometach” (Wilno, 1826) „Antoni i Maurycy pismo L.M.P De Jussieu uwieńczone nagrodą przez towarzystwo ulepszania więzień” (Wilno, 1830, пераклад з французскай мовы)

Спасылкі

Крыніцы

Катэгорыя:Памерлі ў 1832 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1789 годзе Катэгорыя:Выпускнікі Імператарскага Віленскага ўніверсітэта

Катэгорыя:Астраномы Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Віленская астранамічная абсерваторыя