Тама́ра Пятро́ўна Мацке́віч (нар. , Лепельшчына) — беларускі фізік, настаўнік-метадыст, педагог і грамадскі дзеяч. Намесніца старшыні Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай школы» (1999—2021), стваральніца і рэдактарка адукацыйнага партала «Nastaunik.info», папулярызатар сучасных еўрапейскіх адукацыйных методык (у тым ліку «Актыўнай ацэнкі»).

Біяграфія Нарадзілася 31 ліпеня 1964 года на Лепельшчыне. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і аспірантуру пры ім па спецыяльнасці «фізіка».

З 1986 па 2003 год працавала навукоўцам у Інстытуце электронікі Акадэміі навук БССР (пазней НАН Беларусі). У 2003 годзе перайшла на працу ў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, дзе працавала метадыстам і выкладчыцай фізікі. Паводле яе ўласных успамінаў, змяніць навуковую дзейнасць на педагагічную і грамадскую яе прымусіў стан беларускай сістэмы адукацыі: сутыкнуўшыся з нізкай якасцю навучання ў дзяржаўнай школе, куды яна аддала сваю дачку, яна вырашыла далучыцца да грамадскага руху за паляпшэнне і стварэнне паўнавартаснай нацыянальнай школы. Жыве ў Мінску.

Грамадская і педагагічная дзейнасць З 1999 года Т. Мацкевіч з'яўлялася каардынатаркай праграмы «Настаўнік. Школа. Грамадства» і выконвала абавязкі намесніцы старшыні РГА «Таварыства беларускай школы» (кіраўнік Алесь Лозка). Займалася метадычнай і грамадзянскай адукацыяй настаўнікаў. Каб захаваць і сістэматызаваць напрацоўкі лепшых беларускіх педагогаў, ініцыявала стварэнне і стала рэдактаркай спецыялізаванага партала «Nastaunik.info».

Т. Мацкевіч выступіла адным з галоўных папулярызатараў і ініцыятараў ўкаранення ў Беларусі метаду «Актыўнай ацэнкі» (фарміруючага ацэньвання). Гэтая еўрапейская методыка, якая грунтуецца на ідэях выхадца з Беларусі Льва Выгоцкага, пераносіць адказнасць за навучанне з настаўніка-кантралёра на самога вучня, пазбаўляе дзяцей ад страху атрымаць дрэнную адзнаку і павышае іх уласную матывацыю. Дзякуючы намаганням Т. Мацкевіч і ТБШ былі арганізаваны дыстанцыйныя курсы і семінары (разам з Цэнтрам грамадзянскай адукацыі Польшчы). Паступова метад быў афіцыйна прызнаны: Міністэрства адукацыі зацвердзіла працу шэрагу інавацыйных пляцовак па «Актыўнай ацэнцы» ў розных дзяржаўных школах краіны. Разам з калегамі яна таксама рыхтавала і выдавала брашуры, прысвечаныя дадзенай метадалогіі і медыяадукацыі. Акрамя таго, падтрымлівала стварэнне адукацыйнага праекта (EdCamp) і дыстанцыйных курсаў па медыяадукацыі для настаўнікаў.

Актыўна абараняла правы беларускамоўных вучняў і настаўнікаў. У красавіку 2017 года Т. Мацкевіч брала ўдзел у круглым стале з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі, дзе ад імя ТБШ прапанавала закласці прынцып беларусацэнтрычнасці ў новыя школьныя праграмы і падручнікі, забяспечыць выкладанне STEM-прадметаў на беларускай мове і павялічыць колькасць беларускамоўных гімназій. Яна паслядоўна выступала за тое, каб павысіць аўтарытэт грамадскіх арганізацый у адукацыі, падкрэсліваючы важнасць каштоўнаснага і патрыятычнага складніку:

Пераслед і ліквідацыя ТБШ Улетку 2021 года, напярэдадні стагадовага юбілею гістарычнага ТБШ, па ўсёй краіне прайшла хваля ліквідацыі грамадзянскіх ініцыятыў і недзяржаўных арганізацый. Дома ў Т. Мацкевіч, як і ў іншых кіраўнікоў Таварыства, адбыўся ператрус.

17 верасня 2021 года Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь афіцыйна ліквідаваў Таварыства беларускай школы. Тамара Мацкевіч пракаментавала гэты крок уладаў наступным чынам:

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся 31 ліпеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1964 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Лепельскім раёне Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Супрацоўнікі Інстытута электронікі НАНБ