Невада-дэль-Руіс, таксама Руіс () — самы высокі дзеючы вулкан Андскага вулканічнага пояса, размешчаны ў межах Паўночнай вулканічнай зоны ў калумбійскіх дэпартаментах Кальдас і Таліма, за 40 км на поўнач ад горада Манісалес. Руіс знаходзіцца на тэрыторыі нацыянальнага парка Лос-Невадас, дзе размешчана яшчэ некалькі вулканаў. Вяршыня вулкана пакрыта вялікімі ледавікамі, але яны хутка адыходзяць дзякуючы глабальнаму пацяпленню.
Руіс — вялікі стратавулкан, складаецца з шматлікіх пластоў андэзітавых і дацытавага лававых патокаў і піракластычных парод. Захоўвае актыўнасць ужо каля 2 млн гадоў, з ранняга плейстацэну або позняга пліяцэну і меў тры галоўныя перыяды вулканічнай актыўнасці. Сучасны конус утварыўся на працягу апошняга (сучаснага) перыяду, які пачаўся каля 150 тыс. гадоў таму.
Як і большасць стратавулканаў Анд, Руіс адносіцца да пліянскага тыпу. Тыповымі для яго з’яўляюцца газава-каменныя піракластычныя патокі, што, у сваю чаргу, часта выклікае гразевыя патокі — лахары. Яго адносна невялікае вывяржэнне 1985 года пасля 150-гадовага перыяду неактыўнасці выклікала вялізны лахар. Ён амаль цалкам разбурыў і адрэзаў ад знешняга свету горад Армера і прывёў да гібелі 23 тысяч яго жыхароў. Гэта падзея стала вядома як Трагедыя Армера.
Катэгорыя:Вулканы Калумбіі