Юліян Клачко (, ) — польскі пісьменнік і перакладчык. Упершыню пераклаў творы Адама Міцкевіча на іўрыт. Лічыцца аўтарам выразу «Drang nach Osten».
Біяграфія Ён нарадзіўся як Ягуда Лейб (Jehuda Lejb) у заможнай яўрэйскай сям’і. Ва ўзросце 17 гадоў ён апублікаваў зборнік габрэйскай паэзіі пад назвай «Дудаім» (דודאים), а таксама пераклаў польскія літаратурныя творы на іўрыт.
Ён вучыўся ў Вільні і Кёнігсбергу (Краралявец), яго інтарэсы ўключалі філасофію, гісторыю і літаратуру. У 1847 годзе ён атрымаў ступень доктара філасофіі (доктарская праца De rebus Franco-Gallicis saeculi XV). Затым ён пераехаў у Гайдэльберг і публікаваўся ў ліберальнай газеце «Deutsche Zeitung».
Пасля паразы Пазнанскага паўстання (1848) эміграваў у Францыю, дзе пражыў наступныя 20 гадоў. Пасля смерці бацькі, у Парыжы ён змяніў імя і прыняў рымска-каталіцкую веру (1856) Ён стаў сурэдактарам Wiadomości Polskie, друкаваўся ў Revue de Paris, Revue Contemporaine і Revue des Deux Mondes (з 1862 г.).
У 1856 годзе разам з Яўстафіем Янушкевічам і Валяр’янам Калінкай ён заснаваў выдавецтва з мэтай апублікаваць поўны збор твораў Міцкевіча, а таксама планаваў публікаваць крыніцы па гісторыі Польшчы. У рамках гэтай справы Клачко супрацоўнічаў у выданні «Пана Тадэвуша» і сабраў рукапісы Міцкевіча, якія апублікаваў ананімна ("Rękopisy po A. Mickiewiczu i niedrukowane przepisy «Pan Tadeusza» [Рукапісы паводле А. Міцкевіча і недрукаваныя ўрыўкі з «Пана Тадэвуша»], штомесячны дадатак да часопіса «Czas» 1856, т. 2). Таксама адрэдагаваў і падрыхтаваў да публікацыі падборку карэспандэнцыі Міцкевіча («Korespondencja Mickiewicza. Studium» [Карэспандэнцыя Міцкевіча. Даследаванне], 1861). Наступным рэдакцыйным і перакладчыцкім праектам Клачко стала публікацыя ў Парыжы ў 1863 годзе французскага перакладу ўрыўкаў з кнігі Руфіна Пятроўскага «Souvenirs d’un Siberien. Extraits des memoires…» ["Успаміны з Сібіры"), што дазволіла заходнім чытачам зразумець рэаліі сібірскай ссылкі.
Клачко стаў палітыкам, які супрацоўнічаў з ліберальна-арыстакратычнай фракцыяй польскіх эмігрантаў Гатэля Ламберт (князь Адам Ежы Чартарыйскі). Як польскі нацыяналіст, ён выказваў адкрытую крыўду і нянавісць да Расіі і Прусіі за іх удзел у падзеле Польшчы, але меў больш пазітыўнае стаўленне да Аўстра-Венгрыі, якая праводзіла адносна больш талерантную палітыку ў дачыненні да палякаў пад яе ўладай.
У 1869 годзе ён пераехаў у Вену, а ў 1870 годзе быў абраны тайным саветнікам («гофратам») пры Міністэрстве замежных спраў Аўстра-Венгрыі. Ён таксама быў членам Галіцыйскага парламента (1870-71), а пазней — Імперскага парламента, Рэйхсрата. Падчас франка-прускай вайны 1870-71 гадоў ён актыўна агітаваў за інтэрвенцыю Аўстра-Венгрыі на баку Францыі. За гэтыя (няўдалыя) намаганні Бісмарк назваў яго «яўрэйскім агентам Францыі».
У 1870-х гадах ён некалькі гадоў пражыў у Італіі. Пасля пераезду ў Кракаў, дзе ён правёў апошнія гады свайго жыцця, ён займаўся даследаваннямі італьянскай літаратуры і мастацтва. Пахаваны на Ракавіцкіх могілках у Кракаве.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Пахаваныя на Ракавіцкіх могілках Катэгорыя:Палітыкі Польшчы Катэгорыя:Яўрэі ў Літве Катэгорыя:Постаці Віленскай губерні