Фларыян Даноўскі (; ) — паўстанец 1863—1864 гадоў, двойчы высланы ў Сібір.

Біяграфія Нарадзіўся ў Панявежы як сын Юзафа, паходзіў з беднай шляхецкай сям’і. Вучыўся спачатку ў Панявежы, потым у Вільні, дзе зарабляў на жыццё рэпетытарствам сярод вучняў Шляхецкага інстытута. У Вільні, пасябраваўшы з патрыятычнай сям’ёй Далеўскіх, уступіў у патрыятычную арганізацыю, створаную моладдзю ў 1846 г. двума братамі Далеўскімі, Аляксандрам і Францішкам, пад назвай Братняга Саюза. «Змова братоў Далеўскіх» была выкрыта, і Даноўскі разам з іншымі быў арыштаваны ў пачатку красавіка 1849 г. і пасля паўтарагадовага следства і зняволення (у дамініканскім кляштары), паводле прысуду ваеннага суда, зацверджанага 19 лістапада 1850 г., быў асуджаны да пакарання тысячу кіямі (якому быў падвергнуты на двары арсенала на Антокалі) і да 15 гадоў катаргі. Гнаны ў Сібір у кайданах, катаргу адбываў (разам з Міхалам Бокіем, Людвікам Уклееўскім і інш.) у нерчынскіх капальнях, прыкуты да тачкі. Датэрмінова вызвалены з катаргі, атрымаў дазвол пасяліцца ў Табольску, пасля чаго, цалкам памілаваны, у 1858 г. вярнуўся на радзіму і знайшоў прытулак, сяброўства і працу ў сям’і Ромераў (у Эдварда Ромера ў Антонашы і Альфрэда Ромера у Крэўне), але ў часы сялянскіх рэформаў, жадаючы браць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і падрыхтоўцы да паўстання, пакінуў спакойную працу на вёсцы і стаў гмінным пісарам у мястэчку Шаты Вількамірскага павета (у 1862 г.).

У выніку падазрэнняў і даносаў, якія прадстаўлялі Даноўскага як актыўнага ўдзельніка паўстанцкай арганізацыі, у красавіку 1863 г. быў арыштаваны і вывезены ў Вількамір расійскім атрадам капітана Кавера, які з мэтай вымусіць паказанні тройчы загадваў яго вешаць і абыходзіўся з ім жорстка. Вызвалены з-за адсутнасці доказаў віны, вярнуўся ў Шаты. У маі 1863 г., у сувязі з павешаннем паўстанцкім атрадам у Шатах падазраваных у здрадзе Фелікса Лутынскага і Казіміра Райлы, апынуўшыся пад пагрозай новага арышту, здолеў уцячы ў Вільню, дзе хаваўся цэлы год і вёў вельмі актыўную прапагандысцкую дзейнасць на карысць паўстання. Арыштаваны там паўторна ў маі 1864 г., пасля двухгадовага зняволення зноў у дамініканскім кляштары, паводле прысуду суда, зацверджанага 26 верасня 1866 г., быў асуджаны на пасяленне ў Сібіры; прайшоў этапам ужо знаёмы яму шлях, спачатку да Табольска, потым да Іркуцка, дзе, дзелячы лёс супольных выгнаннікаў, займаўся рэпетытарствам, гандлем і паляваннем. Вярнуўся зноў на радзіму паводле амністыі ў 1874 г. і зноў апынуўся ў доме Ромераў (Ванды з Сулістроўскіх і Альфрэда Ромера, вядомага мастака-жывапісца) у Каралінове Свянцянскага павета. Там заставаўся да канца жыцця, займаючыся справамі Ромераў, дзе перажыў сваіх гаспадароў.

Памёр у Каралінове і там жа пахаваны на мясцовых могілках.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў