Закру́жка (, ), раней таксама Анопальская Закружка — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Крупіцкага сельсавета.

Гісторыя Вёска вядома прынамсі з другой паловы XVIII стагоддзя, адносілася да маёнтка Анопаль уласнасці Радзівілаў. Уваходзіла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Мінскім павеце Мінскай губерні.

Пасля 1861 года — у Самахвалавіцкай воласці Мінскага павета. Як адзначаў у другой палове XIX стагоддзя краязнавец Аляксандр Ельскі, вяскоўцы былі аддзелены і без сервітутаў. Вёска адносілася да праваслаўнага прыходу Пяцеўшчына. У другой палове XIX стагоддзя была карчма, праз вёску ішоў гасцінец з мястэчка Дудзічаў да Анопаля. Паводле перапісу 1897 года былі кузня і капліца.

У 1912 годзе адкрыта 1-класнае народнае вучылішча.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 года — ліпені 1920 года — пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года — у Беларускай ССР. З 20 жніўня 1924 года — у Крупіцкім сельсавеце Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930). З 18 студзеня 1931 года — у Койданаўскім раёне, з 26 траўня 1935 года — у Менскім раёне. З 20 лютага 1938 года — у Менскай вобласці.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года — пад акупацыяй Германіі. У ходзе нямецкіх карных аперацый было спалена 37 дамоў, забіта 10 жыхароў.

Насельніцтва 1800 год — 14 двароў, 137 жыхароў 1897 год — 43 двары, 241 жыхар 1917 год — 46 двароў, 282 жыхары (277 беларусаў і 5 палякаў) 1926 год — 51 двор, 264 жыхары 1999 год — 100 жыхароў 2009 год — 104 жыхары 2019 год — 74 жыхары

Вядомыя асобы Іван Іванавіч Грамовіч (1918—1986) — беларускі пісьменнік. Уладзімір Іванавіч Карызна (1938—2026) — беларускі паэт, перакладчык. Аўтар перапісаных слоў да гімна «Мы, беларусы».

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Крупіцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Мінскага раёна