Deo Optimo Maximo, часта скарачаецца як D.O.M. або Deo Opt. Max. — лацінскае выслоўе, якое азначае «Богу найлепшаму, найвялікшаму» або «Богу найвышэйшаму і найлепшаму». Першапачаткова выкарыстоўвалася як язычніцкая фраза, адрасаваная Юпітэру.
Калі Рымская імперыя была політэістычнай дзяржавай, то да Юпітэра, галоўнага бога рымскага пантэона звярталіся фразай: Iovi Optimo Maximo (I.O.M.). Калі Рымская імперыя прыняла за дзяржаўную рэлігію монатэізм у форме хрысціянства, фраза стала зваротам да хрысціянскага Бога. Яе выкарыстанне працягвалася доўга па падзенні Рымскай імперыі, бо лацінская мова заставалася мовай царквы і навукі на Захадзе.
Так, фразу або яе скарачэнне можна знайсці на многіх цэрквах эпохі Адраджэння і іншых будынках, асабліва над саркафагамі, у прыватнасці ў Італіі і на Мальце. Яна таксама напісана на бутэльках бенедыкцінскага лікёру.
Надпіс часта сустракаецца на надмагіллях, дзе яго часам расшыфроўваюць як Domus Omnium Mortuorum: «Дом усіх памерлых» або «Дом усіх мёртвых». Пасля скасавання ўніяцтва на землях былога Вялікага Княства Літоўскага ў Расійскай імперыі і пераводу бальшыні ўніяцкіх вернікаў у праваслаўе, на магілах колішніх уніятаў сустракаюцца абрэвіятуры Д.О.М. кірыліцай.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Лацінскія выслоўі