«Ляхаві́цкі ве́снік» — раённая газета Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Рэдакцыя размяшчаецца ў Ляхавічах па адрасе плошча Леніна, 3.
Заснавальнікамі з'яўляюцца Ляхавіцкі раённы выканаўчы камітэт і Ляхавіцкі раённы Савет дэпутатаў. Выходзіць два разы на тыдзень на беларускай мове.
Гісторыя У гады вайны Газета была заснавана як падпольны орган Ляхавіцкага падпольнага райкама КП(б)Б Баранавіцкай вобласці пад назвай «Совецкі патрыёт» (Савецкі патрыёт). Першы нумар выйшаў 24 кастрычніка 1943 года.
Друкарня размяшчалася спачатку пры партызанскім атрадзе імя С. Г. Лазо ў Машукоўскім лесе (Клецкі раён), затым у 19-й партызанскай брыгадзе імя В. М. Молатава. Абсталяванне (партатыўная друкарская машынка, запасы шрыфтоў, прабельнага матэрыялу, паперы і друкарскай фарбы) было дастаўлена з «Вялікай зямлі». Вядома 35 нумароў (№ 1–3, 5, 7, 8 за 1943 год; № 1–32 за 1944 год) за перыяд да 3 ліпеня 1944 года. Газета выходзіла на беларускай мове, асобныя нумары — на беларускай і рускай.
Рэдактарамі ў гэты перыяд былі Я. Л. Шавялёў (да 18 снежня 1943), П. С. Вярбіцкі (да 17 мая 1944) і В. І. Бурло (да 10 ліпеня 1944). Газета распаўсюджвалася сярод насельніцтва партызанамі і сувязнымі, трапляла ў нямецкія камендатуры, вывешвалася ў Баранавічах і раённых цэнтрах.
Пасляваенны перыяд Пасля вызвалення Беларусі выданне працягнулася пад назвай «Савецкі патрыёт». З 5 мая 1962 года газета выходзіла пад назвай «Будаўнік камунізму». З 1965 года з’яўлялася органам Ляхавіцкага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных (з 1977 года — Савета народных дэпутатаў) Брэсцкай вобласці.
З 1991 года газета выдаецца пад сучаснай назвай «Ляхавіцкі веснік». Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Газеты Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Падпольны друк Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну Катэгорыя:Газеты Беларусі на беларускай мове Катэгорыя:Культура Ляхавіцкага раёна