Луангпхаба́нг, таксама Луангпраба́нг (, ), — горад на поўначы Лаоса, адміністрацыйны цэнтр правінцыі Луангпхабанг. Размешчаны на рацэ Меконг каля ўпадзення ў яе ракі Кхан. Былая сталіца дзяржавы Лансанг, пазней — рэзідэнцыя каралёў Луангпхабанга і адзін з галоўных рэлігійных цэнтраў краіны.

У 1995 годзе гістарычная частка Луангпхабанга ўключана ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Назва У мінулым горад быў вядомы пад назвамі Муанг-Суа і Сіенг-Тхонг. Сучасная назва паходзіць ад Пха Банга — статуі Буды, якая стала адной з галоўных рэлігійных святынь Лаоса.

Геаграфія Горад знаходзіцца ў горнай вобласці паўночнага Лаоса. Яго гістарычны цэнтр займае паўвостраў, утвораны рэкамі Меконг і Кхан. У цэнтры горада ўзвышаецца гара Пхусі.

Гісторыя У XIV стагоддзі Луангпхабанг стаў сталіцай дзяржавы Лансанг, заснаванай каралём Фа Нгумам у 1353 годзе. У 1560 годзе кароль Сетхатырат перанёс сталіцу ў В'енцьян, аднак Луангпхабанг захаваў значэнне рэлігійнага цэнтра.Лаос // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск : БелЭн, 1999. — Т. 9 : Кулібін — Малаіта / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — С. 128—130. — ISBN 985-11-0155-9.

Пасля распаду Лансанга ў 1707 годзе, выкліканага дынастычным крызісам, горад стаў сталіцай асобнага княства Луангпхабанг. У канцы XIX стагоддзя яно апынулася пад французскім пратэктаратам.

Луангпхабанг заставаўся каралеўскай рэзідэнцыяй да скасавання манархіі ў 1975 годзе. Былы Каралеўскі палац быў ператвораны ў музей.

Архітэктура У забудове Луангпхабанга спалучаюцца традыцыйная лаоская архітэктура і будынкі еўрапейскага тыпу, узведзеныя ў перыяд французскага панавання. Горад складаўся з асобных кварталаў, сфарміраваных вакол будыйскіх манастыроў. Традыцыйныя жылыя дамы будаваліся пераважна з дрэва, а храмы — з цэглы і каменю.

Сярод помнікаў вылучаецца храм Ват Сіенг-Тхонг, пабудаваны ў 1560 годзе пры каралі Сетхатыраце. Захаваліся таксама будыйскія храмы XVI—XIX стагоддзяў, ступа Чамсі, Каралеўскі палац і бібліятэка старажытных рукапісаў.

Пры ўключэнні горада ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА былі адзначаны захаванасць яго гістарычнай структуры і спалучэнне лаоскай і еўрапейскай архітэктурных традыцый. Аб'ект унесены ў спіс паводле крытэрыяў II, IV і V.

Насельніцтва Падчас французскай экспедыцыі па Меконгу ў 1867 годзе Франсіс Гарнье ацэньваў насельніцтва Луангпхабанга прыкладна ў 8 тысяч чалавек. У пачатку XX стагоддзя ў горадзе налічвалася каля 9 тысяч жыхароў.

Паводле перапісу 2005 года, гарадское насельніцтва Луангпхабанга складала 55 027 чалавек, а паводле перапісу 2015 года — 66 781 чалавек.

Гаспадарка і транспарт Луангпхабанг — гандлёвы і культурны цэнтр паўночнага Лаоса. У горадзе вырабляецца рыс і драўніна, развіты мастацкія рамёствы.

У горадзе дзейнічае міжнародны аэрапорт. У снежні 2021 года адкрыта чыгуначная станцыя на лініі В'енцьян — Батэн, якая злучыла лаоскую сталіцу з мяжой Кітая.

Гл. таксама Лансанг Ват Сіенг-Тхонг В'енцьян Меконг

Літаратура

Лаос // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. — Мінск: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — С. 128—130. — ISBN 985-11-0155-9. Лоўчая Л. В. Меконг // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. — Мінск: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — С. 261. — ISBN 985-11-0169-9.

Спасылкі Катэгорыя:Гарады Лаоса Катэгорыя:Аб'екты Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Лаосе Катэгорыя:Былыя сталіцы