Аднадзёнка — аднаразовае газетнае выданне. Часам выдавалася як лістоўка або альманах, без нумарацыі.
Беларусь Першая беларуская аднадзёнка «Навіны грозные а жалостлівые...» з прычыны нападу Івана IV Грознага на Полацк была выдадзена ў 1563 годзе ў Нясвіжскай друкарні. У каталогу 1684 года Бадліянскай бібліятэкі (Оксфард) зафіксавана сем беларускіх аднадзёнак 1563, 1571, 1580, 1597, 1602, 1610 і 1617 гадоў на беларускай, лацінскай, нямецкай, англійскай і іншых мовах.
У XX стагоддзі аднадзёнкі выдаваліся найчасцей з-за цэнзурнага ўціску. Яны выходзілі ў Гродне («Колас беларускай нівы», 1913), Мінску («Nad Świsłoczą», май 1914, на польскай мове; «Чырвоная варта», 15 красавіка 1921; «Беларусь — Паволжу», 4 кастрычніка 1921) і іншых гарадах.
Асноўнай прычынай выхаду аднадзёнак у Заходняй Беларусі была канфіскацыя беларускай прэсы польскімі ўладамі. Яны прысвячаліся пераважна грамадска-палітычным падзеям і выдаваліся ў Вільні («Беларуская крыніца», 25 снежня 1921; «Беларуская доля», 23 мая 1923; «Абух», 20 жніўня 1924; «Беларускі селянін», 14 жніўня 1925; «Новая маланка», 30 лістапада 1928; «Весткі Таварыства Беларускае школы», 28 лютага 1929; «Беларуская праўда», 12 мая 1931; «За беларускую школу», 16 чэрвеня 1936; «Голас студэнта», 25 чэрвеня 1937), у Гродне («Выстрал», 8 кастрычніка 1924; «Стрэха», 12 лютага 1928; «Пралом», 19 чэрвеня 1929), у Беластоку («Лясны работнік», студзень 1934).
Беларускія аднадзёнкі выходзілі таксама ў Дзвінску («Праца», 29 чэрвеня 1928; «Новы шлях», 29 красавіка 1931), Рызе («Шлях праўды», 24 кастрычніка 1930), Варшаве («Першы крок», ліпень 1935). У пасляваенны час яны выдаваліся ў Нямеччыне, ЗША, Канадзе.
Захаванасць Усяго выйшла больш за 100 беларускіх аднадзёнак. Яны зберагаюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН Літвы, а таксама ў архівах і бібліятэках Польшчы і іншых краін.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Газеты паводле перыядычнасці